Вольга Вялічка, дырэктарка дзіцячага хоспіса імя святога Губерта ў Гродне

Настаяцель прыходу Серафіма Жыровіцкага ў Гродне айцец Іаан Велясейчык, выпадкова пабачыўшы ў навінах, што дзіцячаму хоспісу патрэбны памяшканні для лячэння цяжкахворых дзяцей, адмовіўся разам з прыхаджанамі ад адкрыцця ў комплексе царквы цэнтра для паломнікаў і прапанаваў месца для цэнтра паліатыўнай дапамогі. Цяпер гэта – першы падобны цэнтр пры праваслаўным храме ў Гродзенскай вобласці, а магчыма, і ва ўсёй Беларусі.

Як з дапамогай праваслаўнай царквы дзіцячы хоспіс адкрыў Цэнтр паліатыўнай дапамогі
Настаяцель прыходу Серафіма Жыровіцкага ў Гродне айцец Іаан Велясейчык на фоне комплекса царквы, дзе знаходзіцца Цэнтр паліатыўнай дапамогі

“Хто, калі не царква патурбуецца і дапаможа…”

Новы Цэнтр паліатыўнай дапамогі для цяжкахворых дзяцей ужо распачаў працу ў тэставым рэжыме на вуліцы імя Ігната Дамейкі. У царкоўным комплексе побач месціцца нядзельная школка, актавая зала, дзе адбываюцца сходы прыхаджан, іншыя памяшканні для дзейнасці парафіі. Дарэчы, нядзельную школку пры прыходзе наведвае каля 200 дзетак.

Айцец Іаан заводзіць у кожныя дзверы, паказвае памяшканні і не без гонару распавядае, што ўсё гэта збудавана на сродкі саміх парафіян. Царкоўны комплекс цалкам новы, усе памяшканні ў цудоўным стане, новая мэбля.

А вось тут памяшканне, дзе збіраемся яшчэ зрабіць сталоўку для бяздомных, – паказвае прасторны пакой з ужо ўсталяванымі плітамі святар. – Тут жа няма ніякай праблемы, каб наварыць яды і накарміць людзей, у якіх ёсць у гэтым патрэба ў мароз і холад. Для іх гэта вялізная дапамога”.

Паказваючы памяшканні, айцец Іаан кажа, што ў іх ужо ўсё практычна было гатова дзеля таго, каб арганізаваць у новых пакоях цэнтр для паломнікаў з бібліятэкай і актавай залай.

Але вось аднаго вечару ў стужцы навінаў пабачыў, што дзіцячаму хоспісу вельмі патрэбныя новыя памяшканні для лячэння цяжкахворых дзетак, – згадвае святар. – Мяне гэта моцна кранула, мы параіліся тут усе разам і вырашылі, што варта дапамагчы хоспісу, бо гэта неабходна цяжкахворым дзецям, а для паломнікаў яшчэ таксама некалі нешта збудуем”.

Мой суразмоўца распавядае, што падобнай дапамогай людзям праваслаўная царква займалася заўсёды, і гэта ў яе традыцыях. Сам ён сем гадоў адслужыў святаром у шпіталі і аказваў душпастарскую дапамогу.

Хворых людзей я ведаю не з нечых аповядаў, а прапусціў гэта праз сябе, – кажа айцец Іаан. – Дапамагаў лекарам і зразумеў, што проста абавязаны рабіць гэта па жыцці”.

У памяшканнях Цэнтра ўжо працуюць лекары і спецыялісты-псіхолагі. Завезена новае абсталяванне, якое тэстуюць адмыслоўцы дзіцячага хоспісу.

“Нам не проста дапамаглі…”

Кіраўніца хоспісу імя Святога Губерта Вольга Вялічка кажа, што ім вельмі пашчасціла з тым, што праваслаўная царква прапанавала ім дапамогу. Паводле яе, ў іх узніклі сур’ёзныя праблемы з памяшканнем, бо трэба аказваць дапамогу цяжкахворым пацыентам, а месца для ўсіх не хапала. Гарвыканкам не здолеў нічым ім дапамагчы.

І тут нечакана патэлефанаваў айцец Іаан і запрасіў паглядзець іх цэнтр, маўляў, калі падыходзіць, то заязджайце і лячыце цяжкахворых. Спецыялісты хоспіса пабачылі, што хоць гэта і не зусім ідэальнае месца, але яно цалкам прыдатнае дзеля таго, каб размясціць тут неабходнае абсталяванне і працаваць. Больш таго, у раёне, дзе знаходзіцца царква, жыве вельмі шмат пацыентаў хоспіса – зараз іх каля сямідзесяці.

Так што мы цяпер знаходзімся ў двух памяшканнях, – распавядае дырэктарка дзіцячага хоспіса. – Але вельмі спадзяёмся на тое, што гарвыканкам выканае сваё абяцанне і прадставіць нам месца, дзе мы зможам размясціцца ў адным будынку”.

Спадарыня Вольга асобна падкрэслівае яшчэ адну вельмі істотную дэталь: “Мы ж за гэта памяшканне не будзем плаціць ні капейкі – ні за арэндную плату, ні за камуналку. Царква пусціла нас на такіх умовах. Гэта вельмі-вельмі вялікая дапамога для нас”.

Як з дапамогай праваслаўнай царквы дзіцячы хоспіс адкрыў Цэнтр паліатыўнай дапамогі
Адны з першых пацыентаў новага Цэнтра паліатыўнай дапамогі

“У нас тры вялікія праекты”

Што датычыць новага паліатыўнага цэнтра пры царкве, то, паводле Вялічкі, тут плануюць распачаць новую праграму “Маладыя дарослыя” для людзей з цяжкімі формамі інваліднасці, якім ужо ёсць 18 год. Гэтая праграма будзе сумесна развівацца з дарослай гарадской службай паліатыўнай дапамогі.

Акрамя гэтага плануецца аказваць новую паслугу: перадышка для бацькоў. І яшчэ адна праграма будзе датычыць жанчын-інвалідаў, а таксама жанчын, якія маюць дзяцей-інвалідаў і сутыкнуліся з хатнім гвалтам. Праграмы разлічаныя на бліжэйшыя пяць гадоў.

Спадарыня Вольга кажа, што дзіцячы хоспіс яшчэ не меў такога вопыту супрацоўніцтва з рэлігійнай канфесіяй і ёсць спадзяванне, што яно будзе плённым.

Дарэчы тое, што мы знаходзімся пры праваслаўнай царкве зусім не азначае, што мы не будзем працаваць з людзьмі іншых канфесій, – завастрае ўвагу Вялічка. – Здароўе нашых пацыентаў – гэта галоўнае, і ніяк не звязана з іх канфесійнасцю”.

Яна таксама зазначае, што хоспіс і надалей застаецца свецкай арганізацыяй і ў той самы час дадае, што ў планах супрацоўніцтва і з каталіцкім касцёлам, які знаходзіцца літаральна побач.

І яшчэ. Царква прыходу Серафіма Жыровіцкага носіць назву ў імя святой Ксеніі Пецярбургскай. Усе набажэнствы ў царкве адбываюцца на беларускай мове.

Як з дапамогай праваслаўнай царквы дзіцячы хоспіс адкрыў Цэнтр паліатыўнай дапамогі
Царква святой Ксеніі Пецярбургскай