Новая паліклініка разлічана на 850 наведванняў у змену, яна мае КТ і сваю водалячэбніцу.

Цэнтральную гарадскую паліклініку ў Гомелі будавалі з 2009 года. На адкрыццё доўгабуда з удзелам Аляксандра Лукашэнкі прыйшлі не меней як паўтысячы гараджан. Ахоўнікі і чыноўнікі цягам дзвюх гадзін раз-пораз тусавалі грамаду: “Адыйдзіце за кветнікі, перайдзе на левы бок”. А колькі мікрафоны перастаўлялі, то і не злічыць. Тым не менш кіраўнік дзяржавы, калі на прадстаўнічых машынах з мігалкамі прыехаў да паліклінікі, мусіў сам падхапіць мікрафон і паставіць на прыступкі, каб усім было бачна. Ён нават жартаваў, што “не прыехаў раздаваць перад выбарамі скібачкі”, казаў, каб у новую паліклініку гараджанам наогул не спатрэбілася хадзіць.

300 мільёнаў за CAVID-19

Лукашэнка агучыў, што беларускую медыцыну, як дакладаў яму міністр аховы здароўя Каранік, Сусветны банк гатовы прафінансаваць: амаль 300 мільёнаў (Не ўдакладнялася – еўра ці долараў. – АЎТ.)  “за добрую работу з CAVID-19″. Гэтыя грошы разам з запланаванымі бюджэтнымі сродкамі будуць накіраваны ў ахову здароўя.

Прамоўца нават павіншаваў гамяльчан, заявіўшы, што пандэмія ў рэгіёне пераможаная: “За апошнія суткі зарэгістравана 53 выпадкі пнеўманій. Гэта нішто. Гомельшчына апошняй выходзіць з гэтай заразы”.

“Ніякая медыцына” і подзвіг медыкаў

Але медыкам, па словах Лукашэнкі, за гэта дзякаваць не трэба. Бо хтосьці лечыць, хтосьці збірае хлеб.

Калі і дзякаваць медыкам, то толькі за тое, што ў цяжкіх умовах, без лекаў, без вакцыны, пры нязнанай хваробе яны навучыліся лячыць людзей. Гэта – подзвіг. А ўсе кажуць, што ў нас ахова здароўя ніякая, лекары кепскія, медыцынская адукацыя ніякая. Калі б гэтага не было, нас тут штабелямі складвалі б, як у прасунутых краінах – Італіі, Іспаніі, Францыі, Велікабрытаніі, Амерыцы. У нас гэта не адбылося толькі таму, што ў нас ёсць армія людзей у белах халатах”, – зазначыў Лукашэнка.

За што хваліў Лукашэнка сам сябе і аб чым папярэджваў беларусаў

Адначасна кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён і сябе не можа не пахваліць, бо каб ён з міністрам усіх “зачыніў у двухпакаёвых кватэрах і сёння адпусцілі лейцы, то, выйшаўшы з аслабленым імунітэтам з гэтых кватэраў, атрымалі б другую хвалю, бо вас накрылі б заражаныя людзі на вуліцы з моцным імунітэтам. Таму мы выбралі свай шлях лячэння людзей. Ён быў больш цяжкім, чым проста зачыніць вас і ўвёсці каранцін”.

Прамоўца сказаў, што ён за гэтыя месяцы стаў “прымхлівым чалавекам” і вельмі баяўся, каб “не скапыціцца”. Ён думае, што “другая хваля пандэміі нас абыйдзе”. Адначасова папярэдзіў: “Ніякіх заморскіх паездак”. Ніхто нікога стрымліваць, канешне, не будзе. Едзь хоць на Чорнае, хоць на Сярэдзіземнае мора, хоць на Індыйскі акіян, у Тайланд, на Балі ці Гуам. Але па прыезду – “10-дзённы карантын і лячэнне за свой кошт, калі хто захварэе”.

Японія і Кітай дапамагалі

Беларусь, казаў высокі госць, вазіла лекі з Японіі , каб змагацца з каранавірусам. Японцы былі ўдзячны, што наша краіна, і, у прыватнасці, Гомельшчына, маючы досвед пераадолення чарнобыльскай катастрофы, дапамагала японцам пасля аварыі на Фукусіме. І Кітай дапамагаў. Нават выпрасілі ў кітайцаў два станкі, каб самім вырабляць ахоўныя маскі і распіратары. І зараз нібыта прадаем іх усяму свету.

“Выпівайце вечарам сто грам пасля лазні”

Мы з гэтай бядой на дадзеным этапе справіліся, баюся сказаць большае. Беражыце сябе, старых. Мыйце рукі, твар, хадзіце ў лазню. Будзьце на свежым паветры. Жывіце як людзі”, –  раіў Лукашэнка пад апладысменты прысутных і, звярнуўшыся да старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя, зноў пажартаваў: “Генадзь Міхайлавіч, па-мойму, ў цябе народ збірацца пачынае”.

А пасля дадаў: лекары раскажуць, што “па сто грам ужо можна. А то калі я сказаў пра трактар тры месяцы таму, вы палічылі, што я глузду з’ехаў”. Але ж трэба было сеяць! “Пандэмія праходзіць, выбары пройдуць, а есці трэба заўсёды”.

Каму дзякаваць за паліклініку

Лукашэнка падзякаваў прысутным, што прыйшлі на адкрыццё. Ён гэта расцаніў “не толькі як павагу да прэзідэнта, але і да ўлады”. Паабяцаў не застацца даўжніком.

У сваю чаргу галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі Кацярына Цытко перад разразаннем чырвонай стужкі дзякавала Лукашэнку за “доўгачаканы падарунак для жыхароў новабудоўляў”, за магчымасць аказваць медычныя паслугі на сучасным абсталяванні. Аднак госць зазначыў, што дзякаваць трэба “губернатару Салаўю – ён такі міээрны, спакойны, а трынаццаць аб’ектаў закінутых аднаўляе”.

Менш скралі, расцягнулі, сабралі капейку да капейкі па-беларуску – і пабудавалі. І калі вам будуць гаварыць пра рэформы, што вам верталётам грошы прывязуць і будуць раскідваць, калі ласка, не купіцеся на гэта, на гэтыя байкі, не згубіце краіну, яе суверэнітэт”, –  наказваў Лукашэнка.

Ён перакананы, што гамельчане яго паважаюць і любяць. Бо якія б ні былі падзеі, гамельчане заўсёды падтрымлівалі яго нават больш, чым на радзіме. На паўпрацэнта, але больш. І гэта, маўляў, у чарнобыльскай вобласці, дзе ён “прымаў непапулярныя рашэнні, дзе ўтрымліваў людзей, каб толькі яны не раз’ехаліся”.

“Альтэрнатыў дастаткова”

Урэшце Аляксандр Лукашэнка усё ж такі нагадаў, што 9 жніўня – прэзідэнцкія выбары. Альтэрнатываў, на яго погляд, дастаткова:

“Вы мяне не шкадуйце. Вось прэзідэнта шкада, мы яго любім. Вы мяне не шкадуйце. Вы шкадуце сваіх дзяцей. Вы выбірайце і галасуйце за таго, хто вам больш падыходзіць. Я ўжо напрацаваўся прэзідэнтам. Калі вы мяне не падтрымаеце, страху не будзе… Прэзідэнты прыходзяць і сыходзяць. Але нягоднікам краіну аддаваць нельга. Я еду па Гомелю – якія кветкі, якія вазоны. Гомель-прыгажун. Вазьміце галаву ў рукі і думайце без усякай жаласці да Лукашэнкаў, Ціханоўскіх, Бабарыкаў і іншых. Вам жыць на гэтай зямлі. Прымайце рашэнні свядома”.

На час урачыстага адкрыцця лячэбнай установы вуліцу Мазурава часткова перакрылі для транспарту – рухаліся толькі тралейбусы.
Ну і на дадатак – чысты кур’ёз. Пакуль у чаканні прыезду дзейнага кіраўніка дзяржавы ахоўнікі ў цывільным ганялі прысутных гараджан туды-сюды, вызначаючы, дзе спыніцца картэж, побач аказалася прыгорбленая бабуля сталага веку. Я і запытаўся, што яе прывяло да паліклінікі пад сонцапёк і пра што, магчыма, яна хацелася б запытацца ў Аляксандра Лукашэнкі. Але не прайшло і дзесяці хвілін, як спецслужбоўцы са слухаўкамі ў вушах падыйшлі да мяне і сталі другі раз патрабаваць пасведчанне журналіста, пашпарт і хатні адрас.
Дык праверылі ўжо і нават тэчку дагледзелі. Што здарылася? Назавіце сябе?” – пытаюся.
“А вы тут у жанчыны інтрэрв’ю бралі”, – быў адказ.
Быццам бы з самага пачатку было не зразумела, што “па  скібачкі” журналісты не ходзяць.

Поделиться ссылкой: