Уладзімір Някляеў / Еўрарадыё

Літаратар і палітык Уладзімір Някляеў выступіў са зваротам да дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты. Тэкст звароту ён даслаў у рэдакцыю Еўрарадыё.

«Бачачы, у які бок паварочвае выбарчая кампанія, звяртаюся да вас без асаблівай надзеі на поспех звароту, але раблю гэта, каб пасля не дакараць сябе за тое, што не зрабіў…

Кожнаму чалавеку лёс дае шанец спраўдзіць сябе ў жыцці. Вялікіх шанцаў даецца няшмат. Звычайна адзін. І мы найчасцей прапускаем яго, думаючы, што ён першы, але не апошні. А ён аказваецца і першым, і апошнім. Такім, які воляю лёсу зараз у вас.

Як вы скарыстаеце яго? Праз удзел у “выбарах” да канца? У такім разе вось які канец вас чакае. Пры яўцы ў 87,3% за Лукашэнку «прагаласуюць» 69,4%, за ўсіх астатніх кандыдатаў у прэзідэнты – 14,6%. Так што кожны з вас возьме ад свайго вялікага шанцу прыблізна 3%. Не больш, бо лічбы рэйтынгаў прэтэндэнтаў на месца прэзідэнта, якія беларускае тэлебачанне падало беларускаму народу і якія я скарыстаў, падаваліся і на папярэдніх выбарах — і кожны раз яны супадалі з выніковымі лічбамі «галасавання». Пры вашым рашэнні «ісці да канца» тое самае будзе і гэтым разам. Сённяшняя сістэма «выбараў» не дазваляе паставіць заслону фальсіфікацыям ніякімі сродкамі. Нідзе і ніколі дыктатарскія рэжымы не перамагаліся галасаваннем — толькі барацьбой.

Не цяжка ўявіць, што круціцца зараз у вашых галовах. «А раптам?..» Асноўныя канкурэнты Лукашэнкі адкінутыя, дык раптам, галасуючы хоць за каго, абы не за Лукашэнку, прагаласуюць за мяне? Ёсць жа шанец…

Няма! Дый выглядае ўсё гэта (за выключэннем выпадку са Святланай Ціханоўскай) штрэйкбрэхерствам.

Адзіная магчымасць пазбавіцца ад цяперашняга рэжыму падчас ягоных не толькі фальшывых, але і подлых «выбарах» — заклік на мірны пратэст супраць іх подласці і фальшы з патрабаваннем новых выбараў без Лукашэнкі. Цяперашні пратэстны патэнцыял грамадства дазваляе гэта зрабіць. Пытанне толькі ў тым, ці можаце дазволіць сабе гэта вы? Ці хопіць на гэта ў вас сілы духу, мужнасці, рашучасці?

Калі не, тады найлепшае, што вы можаце зрабіць, каб наблізіць канец рэжыму, — зняцца з «выбараў». Пакінуць на іх аднаго Лукашэнку. У такім разе ўсе адсоткі, якія намалюе яму Ярмошына, будуць супраць яго. І яны будуць вашымі. З імі вы застанецеся ў палітыцы, у найноўшай беларускай гісторыі, апраўдаўшы не толькі свой удзел у выбарах, але і спраўдзіўшы сябе ў жыцці».

Някляеў вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты 2010 года ад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». У дзень выбараў, 19 снежня, на каманду Някляева адбыўся напад невядомых асобаў — хутчэй за ўсё, сілавікоў. Кандыдат у прэзідэнты Някляеў быў моцна збіты. З лякарні яго ў непрытомным стане забралі ў СІЗА КДБ.