Партрэты дыктатараў розных краін свету

Тэма дыктатараў і іх ахвяр не новая ў мастацтве, кожны таленавіты аповед па ёй – заўсёды нешта вартае ўвагі. І асабліва цікава, калі гэта выяўляецца праз жывапіс. Гродзенцы мелі магчымасць пераканацца ў гэтым.

Мастак Андрэй Анро з Мінска, але, дарэчы, нарадзіўся ў Смаргоні Гродзенскай вобласці. Ён прадставіў у Гродне свой погляд на актуальную тэму. Партрэты дыктатараў з розных краін, гаспадарчае мыла з наклеенымі савецкімі паштовымі маркамі, на якіх выявы тых, хто меў дачыненне да рэпрэсій, а таксама партрэт былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі. Яго выстаўка носіць назву “Маўчанне кажа пра многае”.

“Маўчанне кажа пра многае” — выстава пра дыктатараў і іх ахвяр у Гродне
Андрэй Анро падчас адкрыцця выставы “Маўчанне кажа пра многае” у Гродне

Аўтар распавядае, што тэмай пачаў займацца яшчэ з 2013 года, а ўсе карціны, прадстаўленыя на выставе, датуюцца 2019-м – пачаткам 2020 года.

У ярка асветленай піўніцы з не атынкованымі сценамі самыя розныя прыклады дыктатуры, якія яшчэ жывуць і дзейнічаюць, альбо тыя, якіх ужо зверглі і забілі, як, да прыкладу, Муамара Кадафі.

Усе гэтыя размытыя вобразы ў тэхніцы, якая нагадвае стыль Гагена і іншых пост-экспрэсіяністаў, тым не менш пазнавальныя, але ў той самы час бесперспектыўныя і мёртвыя. Сам аўтар тлумачыць гэтую размытасць тым, што такая ёсць эстэтыка памяці.

Мы можам прадставіць, што было некалі, але гэты вобраз ужо ніколі не будзе дакладным, ён будзе скажацца, будзе змазаным, – гаворыць мастак. – А паколькі я працую з памяццю, то гэта ўсё натуральна і паклалася на мае працы”.

А колеры – яны яўна асацыіруюцца з шэрасцю і блякласцю нетынкаваных сцен піўніцы. Менавіта ў такіх месцах і вырашаліся лёсы мільёнаў людзей…

Маўклівыя карціны надзелены своеасаблівай дынамікай, якая адным дзеяннем узнаўляе цэлую эпоху, а вобраз “вождя” ператвараецца ў твар самага звычайнага чалавека. Прычым, дзіўнае ўражанне: дыктатары падаюцца табе яшчэ і ахвярамі. У такі дзіўны клубок сплятаюцца асацыяцыі пры азнаямленні з гэтай выставай.

Мастак спрабуе інтуітыўна выхапіць нешта з гэтага свету і паказаць астатнім, – разважае Анро. – Я не імкнуўся адмыслова паказаць іх проста чалавечы вобраз на партрэтах, а атрымалася так, што на іх ім як бы цесна. Атрымлівалася так, што гэтым людзям увесь час нечага не хапае і іх пастаянная бязмежная патрэба іх і губіць. Любое парушэнне межаў нараджае сваё супрацьдзеянне”.

На кавалках гаспадарчага мыла савецкія маркі з партрэтамі людзей, якія былі датычныя да рэпрэсій і ў гонар якіх шматмільённымі накладамі друкавалі гэтыя маркі. На адной з іх пазнавальны партрэт Фелікса Дзяржынскага. Яго “слава” дагэтуль ухваляецца беларускімі ўладамі, у яго гонар дагэтуль названыя вуліцы ў гарадах, хаця ўсім вядома, што ён адзін з галоўных стваральнікаў рэпрэсіўнага апарата СССР.

Што датычыцца гаспадарчага мыла – гэта сімвал савецкай “кандовасці” і ГУЛАГа, – кажа аўтар. – Нават цяпер, калі прыходзіш да сталых людзей, то ў іх у лазенцы ляжыць менавіта гэта гаспадарчае мыла, а не духмяны прыгожы кавалак з прыемным пахам. Чаму так? Для мяне дагэтуль гэта загадка”.

“Маўчанне кажа пра многае” — выстава пра дыктатараў і іх ахвяр у Гродне
Побач з карцінай на століку гаспадарчае мыла з наклеенымі маркамі

У выставе прысутнічае беларускі акцэнт – партрэт міністра Захаранкі. Аўтар кажа, што прыйшоў да яго не адразу, а праз сусветную гісторыю дыктатарскіх рэжымаў, так бы мовіць ад агульнага да прыватнага. У гэтым кантэксце партрэт былога міністра  – проста светлага , звычайнага чалавека, як напамін, што ў кожнай дыктатуры ёсць свой супраціў.

“Маўчанне кажа пра многае” — выстава пра дыктатараў і іх ахвяр у Гродне
Партрэт знікшага былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Захаранкі на выставе

Адна асаблівасць: беларускія вобразы мастак піша на халсце з даматканага ільну, паколькі, паводле яго, гэта своеасаблівы код беларускасці. Тэма ў яго творчасці будзе мець працяг, бо не пакідаюць думкі пра загадкавую смерць Янкі Купалы, Пятра Машэрава, невядома, як згінулі Віктар Ганчар і Дзмітрый Завадскі.

Гэты матэрыял накопліваўся з 2013 года, – згадвае мастак. – Але былі часы, калі я наагул не мог нічога пісаць з гэтай серыі”.

Чаму менавіта дыктатары і іх ахвяры? Аўтар проста адказвае, што пры яго жыцці ён папросту іншага і не зведаў.

Мы ўсе выраслі пры іх і не ведалі, як жыць па-іншаму, – задумліва разважае мастак. – Проста шмат хто пра гэта наагул не думае, а так, як я вырас у невялікім гарадку, то адчуў гэты рэжым больш востра”.

Куратар выставы Ірына Варкулевіч падкрэслівае актуальнасць твораў Андрэя Анро і асабліва іх мастацкі ўзровень. Яна лічыць, што гродзенцам вельмі пашчасціла, што выстава, хоць і дзякуючы пандэміі, патрапіла ў горад над Нёманам. Яе мелі намер везці ў Вільнюс і Пецярбург, але граніцы аказаліся зачыненымі.
Поделиться: