Кандыдат ў прэзідэнты Ганна Канапацкая выступіла 21 ліпеня па беларускім тэлебачанні ў адведзены ёй час для агітацыі.

Яна прагаварыла асноўныя палажэнні сваёй выбарчай праграмы на дзвюх дзяржаўных мовах па чарзе. Спярша – па-беларуску. У гэтым кантэксце чакаемая была яе заява зрабіць галоўным святам краіны 25 сакавіка – дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе (Дзень волі). Гэта яна заяўляла і раней. Яна – за вяртанне герба “Пагоня” і бел-чырвона-белага сцяга як сімвалаў дзяржавы.

Канапацкая вельмі жортстка ацаніла сённяшняе становішча краіны, якая, па яе словах, мае гіганцкі знешні доўг і аўтарытарнага лідэра на чале.

Яна адназначна ацэньвае Беларусь як еўрапейскую краіну і прапануе еўрапейскі шлях для яе і дзяржаўны нейтралітэт. Пры гэтым кандыдатка ў прэзідэнты рашуча заяўляе, што абавязкова трэба дэнансавіць дамову аб саюзнай дзяржаве з Расіяй, выйсці з АДКБ.

Пры выбары Канапацкай прэзідэнтам, беларусаў, па яе словах, чакае мноства рэформ. У тым ліку ў дэмаграфічнай палітыцы. Яна заклапочана тым, што ў Беларусі імкліва скарачаецца колькасць насельніцтва,  таму гарантуе ўдзяліць вялікую ўвагу ахове мацярынства і дзяцінства. Таксама з яе вуснаў прагучала прапанова знізіць мінімальны ўзрост для дзяўчын, з якога яны могуць выходзіць замуж. Маладым айцам прапануецца адтэрміноўка ад службы ў войску да дасягнення дзіцём 5-гадовага ўзросту.

У армію кандыдатка прапануе прызываць юнакоў з 20 гадоў і зрабіць паступова яе прафесіянальнай.

Пенсійная рэформа, па яе словах, павінна прадаставіць ільготы пенсіянерам, якія працуюць, выключыць іх з падаткаабкладання. Яна прапануе захаваць за жонкай ці мужам права на пажыццёвае атрыманне пенсіі іншага ў выпадку смерці аднаго з іх.

Кандыдатка выступае за эканамічныя рэформы, амністыю капіталу, змену сістэмы падаткаабкладання, прпыватызацыю вызначыных дзяржаўных прадпрыемстваў, ўвядзенне інстытуту прыватнай маёмасці на зямлю.

Яна – за незалежнасць судовай сістэмы, за забарону на выкарыстанне ўнутраных органаў дла барацьбы з іншадумствам, за мараторый на смяротнае пакаранне.

Канапацкая адзначыла, што вылучэнне на пасаду прэзідэнта трэба абмежаваць адным 7-гадовым тэрмінам. Сыходзячаму кіраўніку дзяржавы і яго сям’і неабходна забяспечыць спецыяльныя гарантыі і асаблівы механізм прыцягнення да судовай адказнасці пры наяўнасці дастатковых падстаў.

Поделиться ссылкой: