Анастасія Шкурдай. Фота: https://noc.by

Узыходзячая зорка беларускага плавання б’е рэкорды.

Насця, безумоўна, малайчына! Працавітая, таленавітая, ужо ў юным узросце мае шмат тытулаў.

У 14 гадоў Анастасія Шкурдай спачатку зрабіла фурор на юніёрскім чэмпіянаце Беларусі па плаванні, а затым і на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы. Падчас выступлення на чэмпіянаце Беларусі Насця, якая ў той час хадзіла ў восьмы клас, выканала нарматыў майстра спорту міжнароднага класа на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем. А на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў ёй на гэтай дыстанцыі не было роўных.

Увогуле, Анастасія Шкурдай стала першай беларускай плыўчыхай, якая выйграла чатыры залатыя медалі на юніёрскіх чэмпіянатах Еўропы. Напрыклад, у калекцыі знакамітай шматразовай алімпійскай медалісткі Аляксандры Герасімені толькі тры залатыя ўзнагароды юніёрскага першынства Еўропы.

А днямі на чэмпіянаце Беларусі па плаванні Насця на стометроўцы батэрфляем пабіла свой жа нацыянальны рэкорд, упершыню ў гісторыі беларускага плавання пераадолеўшы мяжу 57 секунд. Трэба сказаць, калі б зараз спартсменка выступала на чэмпіянаце свету, то з такім вынікам заняла б 4-е месца.

Вольга Ясяновіч, асабісты трэнер Анастасіі Шкурдай, кажа, што такія вынікі – гэта найперш вялікае жаданне спартсменкі трэніравацца і такая ж вялікая працаздольнасць.

“Насця была ў маім першым наборы, – распавядала Вольга Ясіновіч. – У Брэсце тры басейны, усе ў розных канцах горада. Я расклейвала аб’явы аб дадатковым наборы ў басейн ФАКа: маўляў, прыходзьце на адкрыты ўрок. Насця і прыйшла з дзядулем. Той адразу заявіў: “Гэта будучая алімпійская чэмпіёнка”. Я паглядзела на яго і падумала: ну што вы мне тут локшыну на вушы вешаеце?.. Але нічога не сказала, вядома.

Прыходзім на ваду, дзіцяці холадна, уся трасецца, увогуле не вельмі падобная на будучую чэмпіёнку. Але не станеш жа чалавека дадому адпраўляць. Пачалі трэніравацца.

Мне часта задаюць пытанне: напэўна, адразу было відаць, што дзяўчынка выдатная, так? Не было нічога відаць. У Насці і цяпер недахоп ёсць – не хапае гнуткасці. І яна не вельмі любіць над гэтым працаваць”.

Сама Насця, магчыма, ужо ў гэтым годзе выступіла б на Алімпіядзе, але, як вядома, з-за пандэміі Гульні перанесены на наступны год. І не вядома, ці пройдуць яны ў 2021-м. Але час у Анастасіі Шкурдай яшчэ ёсць, хаця пра алімпійскія медалі яна марыць ужо зараз.

“У нас спартыўная сям’я, але больш за ўсіх за мяне перажывае тата, – кажа Насця.
Больш за ўсіх хвалюецца, лепш за ўсіх мяне разумее, а таксама падтрымлівае сувязь з трэнерам.

І бабуля мая ходзіць у басейн і таксама плавае. А дзядуля? Ён ад іншых пра ўсё даведваецца…”

***

Газета “Народная Воля” № 57 (4515)

Поделиться ссылкой: