19 ліпеня ў Дзяржынску прайшоў агітацыйны пікет у падтрымку кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, паведамляе Свабода.

Святлана Ціханоўская прыехала на пікет разам з прадстаўніцай штаба Віктара Бабарыкі Марыяй Калеснікавай і жонкай экс-прэтэндэнта ў кандыдаты Валерыя Цапкалы Веранікай Цапкала. 16 ліпеня штабы Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы аб’ядналіся.

На пляцоўцы для агітацыі чакалі сотні людзей.

У сваім выступе Святлана Ціханоўская зазначыла, што ўлады не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, бо спалохаліся.

«Яны ўбачылі пагрозу для ўлады, але яны не зразумелі, што пагроза не ў кандыдатах, а ў самім народзе, якому надакучыла жыць у прыніжэнні і страху», — выказалася кандыдат у прэзыдэнты.

Святлана Ціханоўская заўважыла, што яе муж — вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, які зараз знаходзіцца за кратамі, — «разбудзіў беларусаў, якія ўжо ня вернуцца ў зручны для ўлады сонны стан».

«Улада спалохалася праўды, пачаліся затрыманні, рэпрэсіі, запалохванні. Сяргея пасадзілі ў турму. У нашай сям’і адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, і таму я прыняла рашэнне падтрымаць Сяргея і зарэгістравацца замест яго.

Гэта быў няпросты крок, але калі падчас збору подпісаў я ўбачыла шматлікія чэргі, гэта дало мне шмат сілаў. І я вырашыла, нягледзячы ні на што, ісці далей, і толькі наперад. Бо я адчула адказнасьць за ўсіх тых людзей, якія, як і Сяргей, хочуць перамен», — сказала Святлана Ціханоўская.

На пікеце ў Дзяржынску выступіла Марыя Калеснікава — прадстаўніца штаба Віктара Бабарыкі. Яна нагадала, што сапраўдная сіла і ўлада — у руках народа. Прысутныя пачалі скандаваць: «Пераможам!».

Вераніка Цапкала распавяла на пікеце пра розныя ініцыятывы, якія могуць перашкодзіць уладзе сфальсыфікаваць выбары. Яна заклікала людзей ісці на выбары 9 жніўня і галасаваць за Святлану Ціханоўскую, а таксама прыняць актыўны ўдзел у назіраньні.