Фота: Facebook

Кандыдат у прэзідэнты Ганна Канапацкая ад сціпласці відавочна не памрэ. Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў заявіла, што ў цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі ўдзельнічаюць толькі два сур’ёзныя палітыкі – яна ды Аляксандр Лукашэнка.

Між тым вобраз Канапацкай шмат у каго трывала асацыіруецца найперш са шлейфам скандалаў: яе выключылі з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, не дапусцілі да апазіцыйных праймерыз, яна пацярпела фіяска, спрабуючы арганізаваць кампанію “Наперад, Беларусь!”. Нарэшце, на цяперашніх выбарах Цэнтрвыбаркам дзіўным чынам налічыў гэтай прэтэндэнтцы значна болей подпісаў за вылучэнне, чым яна, паводле ўласнай заявы, здала.

А яе спроба заднім днём патлумачыць фенаменальны вынік прывяла да новага скандалу. Канапацкая сказала, што на адным БелАЗе пашэнціла сабраць аж восем тысяч подпісаў. Між тым пазней высветлілася, што ва ўсім Жодзіне за яе сабралі толькі 83 подпісы.

І вось вам новая заява з разраду “хоць стой, хоць падай”. Былая дэпутатка адмовілася ад удзелу ў дэбатах кандыдатаў, ды ў якім стылі: “Як дасведчаны і сталы палітык я не маю ні права, ні жадання спаборнічаць з загадзя больш слабымі апанентамі. Удзельнічаць у дзіцячым шоу пракрамлёўскіх марыянетак, якое складаецца з хлопчыкаў-спойлераў і дзяўчатак-рагатушак, дазволіць сабе не магу ніяк. Мне неўзабаве яшчэ краінай кіраваць”.

Адна рэч – абгрунтаваная крытыка палітычных сапернікаў, але ж тут – проста кактэйль з нахабнай самаўпэўненасці і ярлыкоў.

Калі гэта пракрамлёўскія марыянеткі, а Канапацкая такая палымяная патрыётка, што гатова ўсіх парваць за незалежнасць, то лагічна было б акурат даць ім бой, вывесці на чыстую ваду. Ці, акрамя ярлыкоў, нічога ў арсенале і няма?

Раней Канапацкая казырнула тым, што яна, маўляў, ці не “адзіны з усіх палітыкаў, хто дазваляў сабе казаць, што ў Беларусі дыктатура”. Але ж дэ-факта экс-дэпутатка імпэтна дапамагала ўладам “мачыць” былога кіраўніка “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыку, які, вырашыўшы пайсці на выбары, аказаўся фігурантам крымінальнай справы ды трапіў у следчы ізалятар КДБ. Закіды Канапацкай на адрас Бабарыкі (з метафарамі кшталту “педафіл не можа быць выхавацелем у дзіцячым садку”) гучалі ва ўнісон з чорным піярам дзяржаўных СМІ. Гэта не палітычная палеміка, а ўтоптванне ў бруд таго, хто цяпер нават не можа адказаць. Я ўжо не кажу пра тое, што ёсць элементарная прэзумпцыя невінаватасці: суда і прысуду яшчэ не было.

Таксама Канапацкая раздзімае выгадную кіроўным вярхам тэму вонкавай пагрозы на гэтых выбарах, заклікае даць “адпор паўзучай гібрыднай агрэсіі рэакцыйных сіл суседняй дзяржавы”, празрыста намякаючы на Расію. Але да агрэсараў не ездзяць на парады, з імі не братаюцца. Мы ж бачым, што Аляксандр Лукашэнка раз за разам сустракаецца з Уладзімірам Пуціным, прымае расійскага прэм’ера Міхаіла Мішусціна. Нешта не сыходзяцца канцы з канцамі.

Натуральна, у Масквы быў і застаецца вялікадзяржаўны інтарэс да Беларусі. Але на гэтых выбарах Крэмль відавочна не збіраецца валіць Лукашэнку. Тэза ж тутэйшай вярхушкі пра Айчыну ў небяспецы – проста банальны прапагандысцкі прыём, каб прыгожа абставіць жаданне любой цаной, любымі метадамі ўтрымаць уладу. Дык на чый жа млын лье ваду такая ўся незалежная з сябе экс-дэпутатка?

На думку іншага кандыдата ў прэзідэнты – Андрэя Дзмітрыева, “Канапацкая сёння гуляе ў адной камандзе з Лукашэнкам”, бо нічога не робіць, каб выбары былі сумленнымі, і “ваюе з альтэрнатыўнымі кандыдатамі”.

Сапраўды, у той час як логіка гэтай жорсткай кампаніі падштурхоўвае прыхільнікаў перамен да кансалідацыі, Канапацкая канцэнтруецца на прасоўванні тэзаў афіцыйнай прапаганды ды на выпадах у бок апанентаў афіцыйнага лідара. Некаторыя яе заявы настолькі адыёзныя, што ўзнікла версія: гэтая кандыдатка ў межах электаральнай кампаніі наўмысна выклікае на сябе негатыўныя эмоцыі праціўнікаў рэжыму, каб меней заставалася на долю Лукашэнкі.

Хтосьці параўноўвае ролю Канапацкай на гэтых выбарах з роллю Ксеніі Сабчак на расійскіх выбарах 2018 года. Але той ва ўсякім разе не адмовіш у таленце ды густоўнасці. У нашым жа выпадку пануе, кажучы маладзёжным слэнгам, поўны
трэш.

Менавіта так расцаніла ладная частка палітызаванай публікі выстаўленае Канапацкай ў “Фэйсбуку” ўласнае фота, дзе яна ў будзёнаўцы парыцца ў лазні. Пры гэтым аўтарка допісу, у якім таксама ўтрымліваліся палітычныя філіпікі, зазначыла, што змывае з сябе мегабайты выдумак і бруду нейкіх тэлеграм-каналаў.

На маю ж думку, у гэтай кампаніі пані Канапацкая рызыкуе так запэцкацца, што лазня не дапаможа.

***

Газета «Народная Воля» № 57 (4515)

Поделиться ссылкой: