Спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марэн. Фота: svaboda.org

«Пытанне не выклікае нейкага асаблівага ажыятажу. Проста бессэнсоўнае дзеянне» — так пракаментаваў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз працяг мандату спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, піша «Радыё Свабода».

«Дзейнасць так званага спецдакладчыка мала каму цікавая, не мае ніякай сувязі з рэальным становішчам рэчаў і ніякага ўплыву. Мандат мы не прызнаём, — сказаў Глаз. — Гэта ў прынцыпе абсурд, калі ў XXI стагоддзі робяцца спробы выбудаваць іерархію паміж раўнапраўнымі дзяржавамі. Бо, па сутнасці, што адбываецца: адны краіны, якія асабіста абвясцілі сябе „чэмпіёнамі“ ў галіне правоў чалавека, ініцыююць рэзалюцыі Рады па правах чалавека, скіраваныя супраць іншых краін».

Прэс-сакратар МЗС назваў гэта абсурдам і дадаў, што ёсць «шмат механізмаў, якія даказалі сваю эфектыўнасць і ў межах якіх краіны прадуктыўна працуюць па праваабарончых пытаннях».

17 ліпеня Рада ААН па правах чалавека прыняла рэзалюцыю што да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і яшчэ на год працягнула мандат спецыяльнага дакладчыка па Беларусі. Рада заклікала беларускія ўлады:

  • гарантаваць правядзенне свабодных, сумленных і празрыстых прэзідэнцкіх выбараў, прыняць меры для садзейнічання мірнаму працэсу ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязаннямі дзяржавы,
  • дазволіць спецдакладчыцы Анаіс Марэн наведаць краіну і свабодна сустракацца з прадстаўнікамі зацікаўленых бакоў, у тым ліку грамадзянскай супольнасці,
  • выконваць рэкамэндацыі спецдакладчыцы і пашырыць усебаковае супрацоўніцтва з тэматычнымі адмысловымі працэдурамі ААН.

За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 22 члены РПЧ ААН, супраць — 5, устрымаліся — 20.

Мандат спецдакладчыка ў пытанні аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў заснаваны РПЧ ААН пасля хвалі масавых арыштаў апазіцыйных палітыкаў і рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Спецдакладчык прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 года.

Анаіс Марэн выбралі на пасаду спецдакладчыка ў 2018 годзе.

Афіцыйны Мінск не прызнае мандату спецдакладчыка і заклікае РПЧ ААН скасаваць яго, кажучы, што ён носіць «несправядлівы і палітызаваны» характар.