Фота: Гомельскае абласное ўпраўленне МНС

У Буда-Кашалёўскім раёне нечакана загарэўся трактар МТЗ-3522, які належыць мясцоваму КСУП «Губічы». Здарылася  гэта 18 ліпеня паблізу вёскі Недайка.

Трактарыст Сяргей Цішчанка кінуўся з вогнетушыльнікам ратаваць тэхніку, але яго самаадданых высілкаў было замала. Выклікалі па тэлефоне 101 ратавальнікаў. Экіпаж МНС прыехаў, калі трактар ужо ахапіла полымя.

Дырэктар гаспадаркі Міхаіл Рыбік паведаміў, што і сам хутка прыехаў на месца здарэння, бо быў недалёка ў полі.

«Спецыялісты МНС пакуль не высветлілі, з якой прычыны загарэўся трактар. Разглядаецца версія канструктыўнай недапрацоўкі электраабсталявання. Трактару – сёмы год, ён набыты ў лізінг. Ацалеў рухавік, мост. Кабіну і колы давядзецца мяняць. Добра, што хоць трактарыст Цішчанка не пацярпеў.», – кажа Міхаіл Аляксеевіч.

Кіраўнік адзначае, што ў спякоту, калі ўсё надзвычай сухое, вельмі важна захоўваць меры засцярогі, і асабліва супрацьпажарны рэжым.

Пра гэта, прынамсі, сведчыць і пажар на полі ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Отар» Чачэрскага раёна. 19 ліпеня апоўдні тут загарэлася збажына на корані. Байцы МНС выратавалі 20 гектараў спелага жыта. Выгарэла яно толькі на чатырох сотках. Цалкам верагодна, мяркуюць ратавальнікі, што пажар узнік з-за неасцярожнага абыходжання з агнём. Хто да гэтага мог быць датычным, высвятляюць праваахоўнікі.

Гомельшчына: гарэлі трактар і збажына