На здымку: Добруш, гарадскі пляж

Адпаведнае распараджэнне паступіла з Добрушскага райвыканкама на падставе даследавання вады ў рацэ Іпуць, якое зрабіў раённы цэнтр  гігіены і эпідэміялогіі. Забаронена купацца не толькі на пляжы паўз вуліцу Набярэжную, але і пры вуліцы Кааператыўнай.

Ратавальнікі мясцовай станцыі “Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на вадзе” не рэкамендавалі купацца ў рацэ Іпуць яшчэ ў пазамінулыя выходныя. Вада ў рацэ мела непрыемны хімічны пах, да таго ж заўважылі гіблую рыбу.

Начальнік Добрушскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Ракіцкі распавядаў тады журналісту “Народнай Волі”, што за сітуацыю на пляжах ён не адказвае, а на хімічнае даследаванне вады ў Іпуці ён накіраваў заяўку ў Гомельскую лабараторыю аналітычнага кантролю. Вынікі аналізу вады там, маўляў, і трэба шукаць альбо звярнуцца ў рэгіянальны камітэт прыродных рэсурсаў.

13 ліпеня начальнік аддзела кантролю па ахове і выкарыстанні зямель, нетраў, біяразнастайнасці і асабліва ахоўных тэрыторый абласнога камітэта Міхаіл Шалупаеў пацвердзіў, што сапраўды замова на хімічнае даследаванне вады ў Іпуці зроблена і нават узяты пробы. Вынікі меліся быць яшчэ 17 ліпеня, аднак, іх няма і сёння, 20 ліпеня.

Больш аператыўна дзейнічаў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ў Добрушы. Мікрабіялагічныя вынікі даследавання вады былі гатовыя ўжо 14 ліпеня. Урач-гігіеніст Вольга Фяськова паведаміла, што ў вадзе наяўнасць кішэчнай палачкі перавышае дапушчальны ўзровень у 2,3 раза. Яшчэ праз дзень цэнтр гігіены меў і хімічны аналіз вады.

Наяўнасць аміяку, пра які пайшла пагалоска ў асяродку рыбакоў з-за мору рыбы, па звестках цэнтра, не перавышаў санітарны нарматыў: 1,53 міліграма пры дапушчальных 2 міліграмах на кубічны дэцыметр вады. Іншыя кантраляваныя хімічныя элементы таксама не перавышалі бяспечны ўзровень. А вось градус колернасці вады (ёсць і такі паказчік) пераўзышоў верхнюю мяжу ў 10 разоў з лішкам. Вада была надзвычай мутнай. Тлумачэнне такой з’явы, канешне, за эколагамі.

Варта дадаць, што купацца з-за неспрыяльных мікрабіялагічных паказнікаў забаронена таксама ў Гомелі на двух пляжах – “Каскад-2” і “Заходні”,  на рацэ Днепр у Жлобіне ў межах Прыдняпроўскага парка культуры і адпачынку, у гарадской сажалцы прадпрыемства меліярацыйных сістэм у Калінкавічах.

Поделиться ссылкой: