Фота Надзеі Бужан

Пра гэта кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў заявіў у выступе на Першым нацыянальным канале радыё. Ён выступаў па-беларуску.

«Беларусі патрэбны новы прэзідэнт, у выпадку перамогі, я прызначу новыя выбары», — сказаў ён, паведамляе Наша Ніва.

«Абсалютная большасць беларусаў хочуць новага прэзідэнта. У мяне трое дзяцей, і я бачу, як шмат моладзі з’язджае. Гэта вельмі горка і прыкра. Адна бабуля сказала мне, раней мае дзеці прыязджалі на лета, а цяпер я бачу іх па скайпе. Так не павінна быць».

Дзмітрыеў таксама звярнуў увагу, што адна з вялікіх праблем — гэты чыноўнікі. «Чыноўнікі павінны працаваць на чалавека».

Ён нагадаў, што ў 2015 годзе Таццяна Караткевіч, якая балаціравалася ў прэзідэнты, заявіла, што «Лукашэнка стаміўся, яму час сыходзіць».

«Лукашэнка застаўся, і мы страцілі пяць гадоў. Замест развіцця і рэформ атрымалі стагнацыю з вечнай паказухай, ворагаў сярод сваіх грамадзян і безадказную палітыку падчас каранавіруса.

Таму так важныя нам гэтыя выбары. Калі Лукашэнку ёсць куды пайсці на адпачынак, то нам няма куды сыходзіць. Яшчэ пяць гадоў, як цяпер, могуць абярнуцца катастрофай. У нас спрабуюць выбіць глебу з-пад ног, ва ўсіх тых, хто хоча перамен, нас не жадаюць заўважаць і заўважаць наш выбар. Гэтая кампанія стала ўжо нібы супрацьстаяннем, а не выбарамі. Па колькасці затрыманняў — сёння больш за 700 — ціскам на апанентаў, членаў іх каманд, блогераў, палітыкі сядзяць у турмах, абмежаваныя месцы агітацыі.

«Многія глядзяць на гэта і ўжо хочуць махнуць рукой, не пайсці галасаваць — гэтага ад нас і дамагаецца ўлада. Мы не павінны здавацца, мы павінны ісці наперад. Давайце разам у згодзе аб’ядноўвацца. Я заклікаю членаў ЦВК і ўчастковых камісій лічыць сумленна», — сказаў Дзмітрыеў.

«Адпусціце палітзвязняў, вярніце іх у сем’і. Беларусы талерантныя, мы ўмеем жыць у згодзе.

Дзмітрыеў назваў 10 крокаў, якія ён зробіць, калі яго абяруць прэзідэнтам:

— пераходны ўрад з альтэрнатыўнымі кандыдатамі, мы правядзем цягам года новыя выбары,

— максімум два тэрміны на пасадзе прэзідэнта, важны падзел уладаў,

— адмяніць кантрактную сістэму, ніякіх кароткатэрміновых кантрактаў,

— сярэдняя пенсія не менш за 60% ад сярэдняга заробку, людзі сумленна працавалі, ім трэба забяспечыць годнае жыццё,

— рэфармаваць прамысловыя прадпрыемствы. Грошы трэба ўкладаць у людзей. Калі будзем скарачаць работнікаў, то будзем плаціць 2/3 заробку на шэсць месяцаў,

— падтрымка малога і сярэдняга бізнэсу ў малых гарадках,

— скароцім колькасць чыноўнікаў і правяральшчыкаў. Правядзём публічныя праверкі на прадмет кумаўства,

— прадаць большасць рэзідэнцый прэзідэнта. Каралева Брытаніі не мае столькі рэзідэнцый. А калі ездзіш па краіне, можна спыніцца і ў гатэлі.

— Дзмітрыеў звярнуў увагу на неабходнасць добрага абсталявання раённых бальніц. У Віцебскай вобласці людзі ездзяць рабіць МРТ у Смаленск. Ён выказаў засцярогу, што праз нейкі час Беларусь сутыкнецца з «белай эміграцыяй», калі будуць з’язджаць людзі ў белых халатах.

— вызваліць настаўніка ад непатрэбных клопатаў. Настаўнік павінен вучыць, а не збіраць грошы і афармляць падпіску. Не — паборам.

«Мы пабудуем краіну, дзе ніхто не будзе хаміць вам, дзе не будуць маніць вам», — сказаў Дзмітрыеў.

«Улада павінна мяняцца. Але мяняцца мірна, праз выбары. Павінен быць конкурс на пасаду».

«Давайце зробім усё, што ад нас залежыць, каб у Беларусі быў новы прэзідэнт. Я адпрацую тэрмін на пасадзе і буду потым спакойна глядзець у вочы людзям, ходзячы па вуліцах».

Заўтра ў 18.30 Дзмітрыеў выступіць на тэлеканале «Беларусь-1»

Поделиться ссылкой: