Пікет Святланы Ціханоўскай у Мінску, 19 ліпеня 2020

Пра гэта сказала Свабодзе Каця Андруш, прэсавы прадстаўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) у Варшаве, якое займаецца назіраннем за выбарамі ў краінах-удзельніцах Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ).

«Хоць БДІПЧ працягвае ўважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі, мы не будзем публікаваць ніякіх высноў адносна выбараў прэзыдэнта проста таму, што мы не будзем назіраць за імі», — адзначыла спадарыня Андруш.

15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ заявіла, што не будзе накіроўваць у Беларусь назіральную місію ў сувязі з тым, што адсутнасць своечасовага запрашэння не дазваляе правесці паўнавартаснае назіранне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу.

«Я хацела б падкрэсліць той факт, што наша заява не была зробленая на падставе нежаданьня назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі, — патлумачыла Свабодзе Каця Андруш. — Наадварот, БДІПЧ праводзіла назіранне за ўсімі выбарамі на нацыянальным узроўні ў Беларусі з 2001 года. Аднак улады прызначылі выбары больш за два месяцы таму, і яны выдатна разумеюць, што БДІПЧ мае патрэбу ў своечасовым запрашэнні, каб назіраць за ўсімі аспектамі выбараў, уключаючы не толькі сам дзень выбараў, але і папярэдні пэрыяд. Прывяду толькі адзін прыклад: фармаванне выбарчых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў ужо завершаныя, і гэта якраз сферы, якія, паводле БДІПЧ, патрабуюць удасканалення».

Парламенцкая асамблея АБСЭ, інстытутам якой з’яўляецца БДІПЧ, 7 ліпеня паведаміла, што не будзе накіроўваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, бо ў яе «няма планаў назіраць за выбарамі да восені як мінімум з прычыны пандэміі COVID-19».

Поделиться ссылкой: