Ілюстратыўнае фота з адкрытай крыніцы

У ізалятары Светлагорскага райаддзела міліцыі каторыя суткі знаходзіцца 42-гадовая жыхарка прыгараднай вёскі Расава Дыяна Філімончык, валанцёрка па дагляду за бяздомнымі сабакамі.

Дыяну  затрымалі 18 ліпеня трое міліцыянтаў з ужываннем кайданкоў. Яна крычала, прасіла прахожых патэлефанаваць бацькам, плакала, што сабакі застаюцца без нагляду.

Мне паведамілі пра затрыманне дачкі відавочцы, – расказала маці Дыяны Ганна Рыгораўна. – Я хадзіла сёння ў ізалятар, хацела перадаць ваду, ежу, лекі, сродкі гігіены, але перадачу не ўзялі. Сказалі, што выходны. А вады, маўляў, у ізалятары хапае“.

Ганна Рыгораўна дакладна не ведае, за што затрымалі дачку. Яна нібыта не з’явілася на адміністрацыйную камісію. З гэтай прычыны ўчастковы інспектар і ініцыяваў гвалтоўнае затрыманне, хоць ніякія адміністрацыйныя камісіі ў суботу і нядзелю не працуюць.

У дзяжурнай частцы Светлагорскага РАУС 19 ліпеня наконт Дыяны Філімончык нічога не ўдакладнілі, бо затрыманне было напярэдадні, а іхняе дзяжурства пачалося сёння ўранку.

Дзяжурны ізалятара пацвердзіў, што Філімончык затрымана за адміністрацыйнае правапарушэнне і супраціў міліцыі. Гэта ўсё, што яму вядома.

Дыяна ў арганізаваным ёй часовым прытулку даглядае зараз 26 сабак. Каб яны з галадухі не брахалі і не скавыталі на ўсё вёску, бацька Дыяны ездзіў карміць чацвёраногіх гадаванцаў, пакуль іх гаспадыня няведома чаго парыцца ў ізалятары.

Поделиться: