Антон Трафімовіч пасля затрымання міліцыяй 15 ліпеня 2020 года

Журналіста сёння зноў даставілі ў РУУС Заводскага раёна ў Мінску, паведамляе Радыё Свабода. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

15 ліпеня Антона Трафімовіча брутальна затрымалі ў цэнтры Мінска пасля заканчэння стрыму ад Цэнтравыбаркама, дзе сабраліся прыхільнікі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Невядомыя людзі ў цывільным зламалі яму нос пры затрыманні.

На наступны дзень міліцыя патлумачыла, што журналіст аказваў супраціўленне, а таму супраць яго прымянілі фізічную сілу.

Трафімовіч лічыць, што справа супраць яго цалкам выдуманая. Міліцыя такім чынам спрабуе апраўдаць свой гвалт.

Сёння раніцай журналіст ехаў здымаць пабоі ў судмедэкспэртызу. На вуліцы Кіжаватава да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і звезьлі, забраўшы тэлефон, у РУУС Заводакага раёна.

«Мяне там яўна чакалі», — сказаў журналіст.

Ён патлумачыў, што раніцай яму званілі з Заводскага РУУС, прасілі, каб прыехаў на 10 хвілін. Але пра адміністрацыйны працэс інспектар ня згадваў.

«Лічу, што мяне хацелі завабіць туды падманам», — сказаў Трафімовіч.

Журналіст Свабоды правёў у міліцыі каля дзвюх гадзін. Ён адмовіўся даваць паказанні і не падпісаў пратаколы.

«Сказалі, што павязуць у суд, але адпусцілі без тлумачэнняў, — сказаў ён. — Я ўпэўнены, гэта проста яшчэ адна спроба застрашыць мяне і іншых журналістаў».

Антон Трафімовіч падаў заяву ў Следчы камітэт, просіць распачаць крымінальную справу па артыкуле 198 Крымінальнага кодэкса — перашкода прафэсійнай дзейнасці журналіста.

«Беларускія ўлады перад выбарамі 9 жніўня спрабуюць спыніць нашу журналісцкую працу і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да надзейных навінаў», — заявіла выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар пасля шэрагу затрыманняў журналістаў Свабоды.

Поделиться ссылкой: