Аляксандр Мілінкевіч

Што адбываецца ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, як разабрацца ў сітуацыі і каго лічыць дэмакратычным кандыдатам? З гэтымі і іншымі пытаннямі «Народная Воля» звярнулася да вядомага беларускага палітыка, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ў 2006 годзе Аляксандра Мілінкевіча.

– Аляксандр Уладзіміравіч, як вы ацэньваеце абстаноўку ў краіне перад прэзідэнцкімі выбарамі – 2020?

– Спачатку ўсім здавалася, што кампанія будзе малацікавай і Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз прызначыць сябе прэзідэнтам. Аднак усё пайшло не так. У Беларусі да гэтай пары не бачылі такіх кіламетровых чэргаў жадаючых падпісацца за апанентаў кіраўніка дзяржавы, грамадства рэзка палітызавалася, у ім выявіўся сімптом масавай
незадаволенасці. Рэжым забараняе незалежнае вывучэнне грамадскай думкі, але падзенне рэйтынгу ўлады відавочны. Людзі стаміліся ад аднаго і таго ж твару ў тэлевізары, ад сталай непавагі да іх, грубасці, уседазволенасці ўлады. У эканоміцы шматгадовая стагнацыя, у грамадстве раскол і
дэпрэсія.

– Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў толькі пяць кандыдатаў, а вядомыя палітыкі Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец знаходзяцца ў зняволенні. Каго з сённяшніх кандыдатаў, на вашу думку, можна лічыць прадстаўніком дэмакратычных сіл?

– У аўтарытарных рэжымах ніколі не бывае свабодных справядлівых выбараў. У такіх
умовах адказам дэмакратаў мае быць іх кансалідацыя і абранне лідара. Тым больш сёння, калі традыцыйная апазіцыя аслаблена і можа рэальна сабраць подпісы пры ўмове аб’яднання толькі за аднаго кандыдата. Мне вельмі баліць, што з 2007 года ні разу не ўдалося нават склікаць кангрэс дэмсіл. Сёлета правалілася і ідэя з праймерыз, і дэмакраты зноў не маюць свайго супольнага легітымнага прадстаўніка на прэзідэнцкіх выбарах.

– А ці можна цяперашняга Аляксандра Лукашэнку лічыць прарасійскім кандыдатам?

– Аляксандр Лукашэнка быў і будзе вельмі савецкім чалавекам. Ён прамаскоўскі, калі трэба атрымліваць нафту і газ па «брацкіх» цэнах або пастаўляць нашу прадукцыю на расійскі рынак. Але ён тут жа антырасійскі, калі «лялькаводы» робяць «падатковы манеўр», а тым больш калі, паводле ягонага меркавання, хочуць забраць у яго ўладу…

Поўны тэкст гутаркі Міхала Карневіча з Аляксандрам Мілінкевічам чытайце ў газеце «Народная Воля» за 17 лiпеня

Поделиться ссылкой: