У Цэнтральным судзе Гомеля 15 ліпеня праходзілі суды над удзельнікамі акцыі салідарнасці з незарэгістраванымі кандыдатамі ў прэзідэнты  Віктарам Бабарыкам і Валерыем Цапкалам.

Акцыя напярэдадні ладзілася стыхійна на вуліцы Савецкай каля цырка. Амапаўцы схапілі больш за дзесятак чалавек. Каля паловы з іх з Цэнтральнага РАУС адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а сёння суддзі “пацверджвалі” прэвентыўныя арышты.

Паказальная ў гэтым сэнсе адміністрацыйная справа 20-гадовага студэнта Аляксея Мятліцкага. Яго затрымалі амапаўцы каля кафе “Прага” на вуліцы Савецкай – за дзвесце метраў ад уласнага дома і адправілі начаваць ў ІЧУ. У міліцыі на Мятліцкага склалі пратакол паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП. У ім сказана, што 14 ліпеня каля 20.15 на вуліцы Савецкай Аляксей “прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці”, якое ладзілася без дазволу гарвыканкама.

Сведкам так званых супрацьпраўных дзеянняў студэнта, як пазначана ў пратаколе,  былі міліцыянты Аляксандр Гардзееў, Руслан Сагалян, Ілля Крук, якія засведчылі “негатыўнае стаўленне ўдзельнікаў шэсця да грамадска-палітычнага жыцця”. Яны пляскалі ў ладкі, каб “праезджыя аўтамабілі звярнулі на іх увагу і сігналілі”.

Студэнт Мятліцкі сваёй віны не прызнаў. Патлумачыў, што прагульваўся са сваім сябрам па Савецкай. Перайшоў на правы бок вуліцы, бо перад гэтым міліцыянты папярэдзілі, што па ходніках паўз сквер “хадзіць небяспечна”.

“За намі ішла група маладых людзей – іх было чалавек пятнаццаць, – патлумачыў Мятліцкі. – Я не чуў, каб яны пляскалі ў далоні ці штосьці выкрыквалі. Сябра мой згубіўся ў гэтым натоўпе, а мяне – схапілі”.

Суддзя Сяргей Салоўскі, які разглядаў адміністрацыйны пратакол, запытаўся ў студэнта, ці ведае ён, што яму “інкрымінуецца” і з якой нагоды збіраліся жыхары горада ў цэнтры?

“Я чуў, што людзі незадаволеныя ўладаю. За што мяне забралі – не ведаю”, – адказаў Аляксей.

Суддзя агучыў матэрыялы справы і, не выходзячы ў дарадчы пакой, пастанавіў пакараць Аляксея Мятліцкага 5 суткамі арышту. Міліцыянты, якія прывезлі Мятліцкага ў суд, забралі яго назад у ізалятар на вуліцу Міжгароднюю.

Пяць сутак арышту за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве атрымаў сёння  таксама Аляксей Жулаеў, па дзесяць – Данііл Максіменка і Валерый Сляпухін.

Суды праходзілі таемна. Бацька Валерыя Сляпухіна Васіль Іванавіч дзяжурыў у судзе шмат гадзін, але так і не змог патрапіць на разгляд адміністрацыйнага пратакола свайго сына.

Поделиться ссылкой: