Стала вядома, на якія спецыяльнасці абітурыенты могуць паступіць без іспытаў

758
Абітурыенты / Еўрарадыё

Міністэрства адукацы вызначыла найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, пры паступленні на якія ў ССНУ і ВНУ асобныя катэгорыі абітурыентаў залічваюцца без іспытыаў. Пералік зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі №163 ад 26 чэрвеня 2020 года. Сёння яна афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, перадае Еўрарадыё.

У сярэдніх спецыяльных навучальных установах у гэты пералік трапілі 25 спецыяльнасцяў, у тым ліку “Тэхналогія машынабудавання (па напрамках)”, “Горныя машыны і абсталяванне (па напрамках)”, “Меліярацыя і водная гаспадарка”, “Аграномія” ды інш. Пры паступленні на іх іспыты не спатрэбяцца абітурыентам, якія маюць рэкамендацыі воінскіх часцей, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу (службу ў рэзерве) у год прыёму або ў 2019 годзе. Пры гэтым у дакуменце аб адукацыі адзнакі па прадметах уступных іспытаў павінны быць не ніжэй за шэсцьі балаў.

Тыя, хто адслужыў у войску, атрымаюць ільготы і пры паступленні на шэраг спецыяльнасцяў завочных аддзяленняў ВНУ. Па-за конкурсам іх будуць залічваць на месцы, якія засталіся пасля залічэння абітурыентаў. Пры гэтым захоўваецца патрабаванне пра атэстат з адзнакамі не ніжэй за шэсць балаў па прадметах уступных выпрабаванняў. Гаворка ідзе пра маладых людзей, якія адслужылі ў год прыёму або ў папярэднім годзе. Такія абітурыенты таксама павінны мець рэкамендацыі воінскіх часцей.

У льготны спіс у ВНУ ўвайшлі 28 спецыяльнасцяў: “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, “Абсталяванне і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі матэрыялаў”, “Машыны і абсталяванне ляснога комплексу”, “Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка (па напрамках)”, “Аграномія”, “Заатэхнія”, “Ветэрынарная медыцына”, “Лясная гаспадарка”.

На гэтыя ж спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў змогуць паступаць залатыя і срэбраныя медалісты, а таксама абітурыенты, якія маюць дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі з адзнакай, дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай. Акрамя таго, ільготы пры паступленні на гэтыя спецыяльнасці атрымаюць пераможцы міжнародных алімпіяд (дыпломы I, II, III ступені), пералік якіх зацверджаны Міністэрствам адукацыі Беларусі, і рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах, праведзенай у навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму, для якіх дадзены прадмет вызначаны другім прадметам профільнага выпрабавання.


Няма запісаў для адлюстравання