Антон Трафімовіч пасля затрымання міліцыяй 15 ліпеня 2020 года

Увечары 15 ліпеня ў Мінску ў раёне Нямігі схапілі карэспандэнта Радыё Свабода Антона Трафімовіча і пазаштатную карэспандэнтку агенцтва БелаПАН Віялету Саўчыц. Пазней высветлілася, што іх завезлі ў Заводскае РУУС. А 20.34 журналістаў вызвалілі.

Незадоўга да затрымання Антон Трафімовіч вёў жывы рэпартаж ад Цэнтральнай выбарчай камісіі. Вось што ён расказаў пра затрыманне.

«Калі я выйшаў з вуліцы Мяснікова на Нямігу, каля мяне прыпыніўся мікрааўтобус, адкуль выбеглі 6–7 чалавек, двое ў форме АМАПу, астатнія – у цывільным. Мне закруцілі рукі з спінай, засунулі ў рот руку, каб я не крычаў. Пры затрыманні моцна стукнулі па носе.

У мікрааўтобусе мяне пасадзілі на падлогу на калені, надзелі кайданкі за спінай, увесь час трымалі галавой уніз. У мяне цякла кроў, але супрацоўнікі міліцыі на гэта не рэагавалі. Уся падлога пада мной была ў крыві, вопратка таксама запэцканая кроўю.

Ніхто не прадстаўляўся, не сказалі, на падставе чаго затрымліваюць. Проста кінулі ў мікрааўтобус і адвезлі ў Заводскае РУУС. Толькі там дазволілі вымыць твар ад крыві. Праз гадзіну адпусцілі».