Фота Сяргея Плыткевіча

Рымска-каталіцкая парафія святых Сымона і Алены выступае, каб Чырвоны касцёл быў перададзены на баланс касцёльнага камітэта. Як мяркуюць тут, гэта можа вырашыць фінансавыя праблемы культавага будынка. Зараз яго ўласнікам з’яўляецца Мінгарвыканкам.

З вернікаў спаганяюць сумы, якія падаюцца непад’ёмнымі. Карыстальнікі касцёла павінны выплаціць 156 тысяч рублёў падаткаў на зямлю і на нерухомасць. Штомесячна камунальная будаўніча-эксплуатацыйнае унітарнае прадпрыемства «Мінская спадчына» выстаўляе аплату за амартызацыю касцёла і за карыстанне зямлёй каля 13 тысяч рублёў.

Вернікі падпісваюць зварот да прэзідэнта ў спадзяванні, што гэта дапаможа паправіць касцёльныя справы.

“Мінская спадчына” некалькі гадоў рабіла рамонт Чырвонага касцёла, які быў на балансе арганізацыі. Як нам стала вядома, пакуль ішоў рэмонт, у якім была зацікаўлена парафія, былі ільготы па падаткаабкладанні. Але, калі будынак быў уведзены ў эксплуатацыю, ільготы скончыліся. “Мінская спадчына” переклала фінансавыя выдаткі на плечы вернікаў.

Перадача касцёла парафіі, напэўна так мяркуюць аўтары зварота да кіраўніка дзяржавы, дазволіць атрымаць вызваленне ад абкладання налогамі на зямлю і на нерухомасць, якое даў іншым рэлігійным арганізацыям прэзідэнцкі ўказ № 571 ад 1 снежня 2005 года.