Алена Давыдава. Фота з адкрытых крыніц

Грамадская актывістка Алена Давыдава з Гомеля пасля гвалтоўнага затрымання міліцыяй у Дзень Незалежнасці атрымала праз пошту тры адміністрацыйных пратаколы.

Шматдзеную маці, фельчарку «хуткай дапамогі» вінавацяць у няяўцы ў орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, а таксама ў непадпарадкаванні і абразе супрацоўнікаў міліцыі.

«Я атрымала не тры пратаколы, а тры паперчыны падману за подпісам участковага інспектара Дзмітрыя Цімашэнкі. Я ў вочы не бачыла раней гэтых пратаколаў, а там напісана, што я адмовілася іх падпісваць«, – распавяла Алена Давыдава.

Як паведамлялася, у афіцыйны святочны дзень 3 ліпеня міліцыянты Навабеліцкага РАУС гвалтам затрымалі фельчарку Давыдаву неўзабаве пасля яе выхаду з дома. За ёю сачылі «ціхушнікі», якія і выклікалі міліцэйскую машыну з бартавым нумарам 4447.

Двое міліцыянтаў у святочных белых кашулях, адзін у паўсядзённай форме і двое ў цывільным адзенні цягнулі Алену ў міліцэйскую машыну. Яна не разумела, за што яе схапілі, чаму бессаромна цягнуць. Ад адчаю нават крычала: «Фашысты!»

У райаддзеле Давыдаву трымалі амаль 12 гадзін. Увесь гэты час яна стаяла ў міліцэйскім дворыку пад наглядам чатырох міліцыянтаў. Ад прапанаванай вады і ежы адмовілася. «Пры такім стаўленні, адкуль я ведаю, што яны туды нальюць ці падсыплюць«, – тлумачыць жанчына.

Блізу 22 гадзін Алене стала блага. Міліцыянты самі выклікалі «хуткую дапамогу». Калегі-медыкі завялі затрыманую жанчыну ў памяшканне, напаілі вадою, але аглядалі ў калідоры на стуллях, бо адасобленага пакою ў міліцыі не знайшлося.

Каля 23 гадзін Алену Давыдаву адпусцілі. Ніякіх пратаколаў не паказвалі і на подпіс не давалі.

Па ўсяму відаць, гомельскія міліцыянты спалохаліся анансаванай у сацыяльных сетках чарговай «акцыі салідарнасці», якую маладыя гамельчане збіраліся правесці на цэнтральным пляжы. Раней Алена Давыдава ўдзельнічала ў экалагічных акцыях супраць шкодных выкідаў завода «Гомельшпалеры», спрабавала зарэгістравацца на прэзідэнцкіх выбарах «кандыдатам пратэсту» ад каманды Мікалая Статкевіча.

Міліцыя ў Дзень Незалежнасці затрымала яшчэ Святлану Нарскіну і Аляксея Раманава, якія таксама збіраліся на пляж. Супраць Раманава склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў – перад гэтым Аляксей сфатаграфаваўся на лаўцы каля прыклеенай улёткі, на якой быў фотаздымак міліцыянта з Гродна, «ўпаўшага» 29 мая на пікеце па збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Калі суды разгледзяць «святочныя» адміністрацыйныя пратаколы супраць актывістаў, пакуль невядома.