Уладзімір Навумік з дачкой Лізай і жонкай Віталіяй

Гродзенцы Васілій Баброўскі і Уладзімір Навумік, якія былі затрыманыя разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і праходзяць з ім па адной крымінальнай справе, вярнуліся з мінскага ізалятара. З імі пагутарыў карэспандэнт “Народнай Волі”.

Нагадаем, што 29 мая на Савецкай плошчы ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай былі затрыманы 9 чалавек. Усіх іх, у тым ліку блогера і кіраўніка ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата на пасаду кіраўніка краіны Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі ў прычыненні гвалту двум міліцыянерам, а таксама – па крымінальным артыкуле аб арганізацыі, або падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў іх. Усіх таксама асудзілі па адміністрацыйных справах за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі – ад 10 да 15 сутак арышту.

9 ліпеня Баброўскага і Навуміка нечакана адпусцілі з мінскага СІЗА, дзе яны праседзелі 42 сутак.

Баброўскі: “Наша сям’я на сабе адчула салідарнасць з людзьмі

Проста неверагодна! — гродненцы, якіх выпусцілі з мінскага СІЗА, расказваюць, як іх падтрымлівалі за кратамі
Васілій Баброўскі

З Васілём Баброўскім мы сустрэліся на вуліцы недалёка ад яго дома. Мы толькі пачалі размову, а з ім ужо вітаюцца людзі, запрашаюць на каву, называюць героем, віншуюць з вяртаннем да дому. Ён вельмі засмуціўся.

Гэта называецца лёг спаць невядомым, а прабудзіўся і ўсе ведаюць, але невядома чаму…”, – пажартаваў мужчына.

Яму 45 гадоў, у яго трое дзетак, па прафесіі – аўтаслесар. Праўда, цяпер без працы, але кажа, што хутка нешта знойдзе, абы ўсё добра скончылася з гэтымі справамі.

Ён жмурыцца ад сонейка і кажа, што ніяк не можа нацешыцца свабодай.

Я, калі выйшаў са следчага ізалятара, адчуў неверагоднае задавальненне проста ад таго, што бачу сонца, што прырода навокал такая прыгожая”, – згадвае Баброўскі.

У той дзень 29 мая яго знаёмы падвёз да Савецкай плошчы, а там ён пераходзіў папросту на прыпынак тралейбуса, каб ехаць дадому.

У прынцыпе ўсе бачылі на відэа, што далей адбылося, – кажа Баброўскі. – А для мяне гэта быў проста шок, я нічога не мог зразумець”.

Васілій згадвае, што ў гродзенскім пастарунку яму доўга не прад’яўлялі ніякіх абвінавачванняў, але не дазвалялі патэлефанаваць родным і паведаміць, дзе ён знаходзіцца.

“Было ж відэа, на ім усё відаць, і я не мог зразумець, навошта мяне трымаюць”, – згадвае той момант Васілій.

“Жонка мяне тры дні шукала, тэлефанавала ва ўсе шпіталі. Навошта яны так рабілі – не разумею…”, – кажа суразмоўца.

На ўмовы ўтрымання ў мінскім СІЗА Васілій не скардзіцца. Відавочна, ён такі чалавек, што не вельмі любіць распавядаць пра свае праблемы. Адзінае, кажа, што думаў толькі пра сям’ю і родных людзей. Не хапала інфармацыі, бо па тэлевізары ў дазволеныя часы глядзелі беларускія каналы, а з газет давалі толькі “СБ”.

Я супакоіўся толькі пасля таго, як праз інтэрнэт падчас адміністрацыйнага суда пабачыў жонку і маму, зразумеў, што яны на маім баку і гэта было самае галоўнае”, – распавядае Васілій.

Да гэтага выпадку ён час ад часу дыскутаваў з мамай пра існуючы лад у Беларусі, яна заўсёды займала пазіцыю існуючай улады, але зараз пераканалася, з яго слоў, што сын меў рацыю.

Сукамернікі, ведаючы артыкул па якім ён затрыманы, ставіліся нармальна. Ахоўнікі ў ізалятары і следчыя, паводле Васілія, таксама ставіліся карэктна. Самае цікавае, што раней у жыцці ён ніколі не меў дачынення да палітыкі і раптам стаў – палітычным.

Але самае вялікае дзякуй Васілій кажа ўсім незнаёмым людзям, якія дасылалі яму паштоўкі і лісты, а таксама прыносілі перадачы ў СІЗА. Людзі падбадзёрвалі, пісалі, што ўся краіна сочыць за працэсам над ім і жадалі мужнасці і цярпення.

Мне перадавалі перадачы людзі, якіх я нават не ведаю. У мяне не стае слоў, каб іх аддзячыць, – гаворыць Васілій. – А вярнуўшыся дадому, я даведаўся, што зусім незнаёмыя людзі таксама падтрымлівалі маю сям’ю. Гэта проста неверагодна. Але наша сям’я цяпер добра ведае, што ў Беларусі ёсць людзі, якія ў цяжкую хвіліну могуць бескарысна працягнуць табе руку. Мы на сабе пераканаліся ў гэтым”.

За некалькі дзён на волі Васілій яшчэ не ва ўсім здолеў разабрацца, але тое, як праходзіць выбарчая кампанія, яго ўражвае.

Я па праўдзе нават і не ўяўляю, што тут будзе далей, – разважае ён. – Ёсць такое адчуванне, што нешта адбудзецца, але цяжка сказаць што”.

Цікава, што ён нават не ведаў нікога з тых людзей, з кім яго затрымалі. З Валодзем Навумікам пазнаёміўся, калі разам пасля 42 сутак маршруткай вярталіся ў Гродна. Дарэчы, у камеры ён сустрэў свой дзень нараджэння, нікому пра гэта не казаў, але атрымаў віншавальныя паштоўкі ад родных.

Навумік: “Загляне сонца і ў наша ваконца...

Уладзімір Навумік у той дзень пайшоў за тортам для дачкі і заадно хацеў падпісацца за прэтэндэнтаў у кандыдаты, а вярнуўся толькі праз 42 дні і аж з Мінска. На плошчы ён пачаў здымаць тузаніну на тэлефон і тады яго затрымалі.

Зараз Валодзя кажа, што нармальна сябе адчувае. У першы ж дзень пасля вяртання пайшоў на працу. Аказалася, што за час адсутнасці павінен прынесці адпаведную даведку з таго месца, дзе знаходзіўся. А з панядзелка прыступіў да сваіх абавязкаў.

Ён інжынер-канструктар, працуе на дзяржаўным прадпрыемстве. Жанаты, мае 5-гадовую дачку.

Людзі на прадпрыемстве мяне падтрымліваюць, чую ад іх добрыя словы, – кажа Валодзя. – Начальства нічога дрэннага мне не сказала”.

А тое, што давялося перажыць за гэтыя 42 дні, распавесці, паводле майго суразмоўцы, адразу не так і проста. Паводле яго, не хапала свабоды – і гэта было вельмі адчувальным.

Нікога з тых, хто быў арыштаваны разам з ім ён раней не ведаў, усе сядзелі ў камерах асобна. Так што ніякай арганізацыі беспарадкаў ні з кім ён не планаваў, у чым яго імкнуцца абвінаваціць. Дарэчы, за кратамі давялося сустрэць шмат добрых і цікавых людзей, што таксама вельмі ўразіла.

Самае складанае – гэта калі была невядомасць ад таго, што адбываецца, – згадвае ён. – Незразумела, за што затрымалі. Як будзе без мяне сям’я, бо жонка атрымлівае ўсяго 370 рублёў? Перажываў, што могуць забраць інтэрнат, дзе жывём, звольняць з працы – у галаву лезлі ўсякія неверагодныя думкі, бо нічога канкрэтна не ведаў”.

Некалькі тыдняў Навумік знаходзіўся менавіта ў такім стане, бо не перадавалі лістоў нават ад жонкі. Вялікую дапамогу аказалі людзі, калі пачалі прысылаць паштоўкі і перадаваць перадачы.

Я ніколі не мог падумаць, што староннія людзі будуць мне слаць паштоўкі, пісаць цёплыя словы падтрымкі. Мне нават ніхто з добрых знаёмых ніводнай паштоўкі не даслаў. Я быў проста ў шоку ад гэтага ўсяго, – кажа Валодзя. – І, як пазней аказалася, жонцы таксама дапамагалі нават грашыма на адваката, падказвалі, раілі: што і як рабіць. Дзякуй ім усім – гэта ніколі не забудзецца”.

Паштовак ён атрымаў шмат, але іх у СІЗА ўсе забралі. Яму асабліва запомніўся адзін верш, там былі такія словы:

“Загляне сонца і ў наша ваконца…”.

Хлопец пашкадаваў, што дрэнна вучыў беларускую літаратуру і не памятае аўтара гэтых радкоў.

Першы ліст ад жонкі Валодзя атрымаў праз 20 дзён знаходжання ў камеры, відавочна, што лісты папросту не прапускалі ў СІЗА.

Ён найбольш думаў пра сваю пяцігадовую дачку. “Ёй мама сказала, што я паехаў у камандзіроўку, але яна ўжо сама нешта разумее і кажа: глядзі мне ў вочы і гавары праўду, не падманвай мяне… Цяпер не зладзіць з мяне”, – распавядае Навумік.

Што будзе далей – Валодзя не ведае. Ён наагул не разумее, каму і навошта быў патрэбны гэты спектакль.

Усім жа зразумела, што калі б міліцыя гвалтоўна не пачала затрымліваць людзей, то нічога б на плошчы не было, усе б разышліся, паставіўшы подпісы, – упэўнены ён. – Не было б столькі ўвагі ад СМІ. Ніхто б з маіх знаёмых і радні не цікавіўся б тым, што нехта на плошчы збірае подпісы. Людзі, якія ніколі не цікавіліся такімі рэчамі, пачалі шукаць інфармацыю аб гэтым. Навошта было ствараць такі прэцэдэнт?”.

Паводле майго суразмоўцы, кожны раз перад выбарамі ў нашай краіне паўтараецца нешта падобнае, і сёлета таксама ўсё паўтарылася.

Я нават не ведаю ці пайду на гэтыя выбары, бо пасля іх нічога не мяняецца, усё будзе тое самае і застанецца на тых самых месцах”, – песімістычна заўважае Навумік.

Ён кажа, што за 42 дні за кратамі ў яго шмат у чым змяніліся погляды. Стаў больш цаніць жыццё, свабоду, адносіны да людзей і да свайго здароўя, стаў больш цаніць сваю сям’ю.

Не скажу, што гэты вопыт быў станоўчым для мяне, але, магчыма, ў нечым ён мне быў патрэбным. Быў час падумаць пра сваё жыццё пра стаўленне да сям’і і да людзей”, – задумліва кажа Навумік.

Вінаватым сябе ён не адчувае, віну не прызнаваў.

Поделиться ссылкой: