Надзея Астапчук. Фота https://www.svaboda.org

Вядомая беларуская штурхальніца ядра распавяла “Народнай Волі” пра атрыманне расійскімі спартсменамі беларускіх пашпартоў, пра сваю падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў і магчымы ад’езд на працу за мяжу.

Як вядома, з-за шматлікіх допінгавых скандалаў расійскіх лёгкаатлетаў могуць пазбавіць права выступаць на Алімпійскіх гульнях, а таму некаторыя гатовы прыняць беларускае грамадзянства, каб мець права афіцыйна выступаць на спаборніцтвах.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі з гэтай нагоды ўжо выказаўся: маўляў, калі будуць паступаць прапановы ад расійскіх спартсменаў, то іх без увагі не пакінем.

– Калі расійскія спартсмены прымуць беларускае спартыўнае грамадзянства і пачнуць выступаць за зборную Беларусі, то асабіста я нічога дрэннага ў гэтым не бачу, – кажа
Надзея АСТАПЧУК. – Спартыўная міграцыя ёсць ва ўсім свеце. Я не ставілася б з негатывам да расіян зараней, бо, калі яны будуць у складзе нацыянальнай каманды, то змогуць перадаць пэўны вопыт нашым маладым спартсменам.

Іншая справа – я не разумею: якім чынам расійскія атлеты змогуць выступіць на Алімпіядзе-2021, калі і яе не перанясуць на больш позні тэрмін? Паводле правіл, спартсмен, які атрымаў грамадзянства іншай краіны, тры гады не мае права выступаць за яе зборную. Гэта так званы каранцін. Магчыма, калі толькі Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі пойдзе на саступкі і дасць такі дазвол…

– А не крыўдна будзе беларускім спартсменам, што іх пасунуць убок легіянеры з Расіі?

– Справа ў тым, што ў беларускай лёгкай атлетыцы не так і шмат атлетаў, якія на Алімпіядзе могуць прэтэндаваць на медалі. Магчыма, гэтых медалёў наогул не ўбачым. У нас у некаторых дысцыплінах дзіркі, таму іх можна было б якраз запоўніць расійскімі спартсменамі. Я разумею, што лепш, каб медалі заваёўвалі свае выхаванцы, але ж маем тое, што маем.

…Не так даўно Надзея Астапчук шчыра і даволі рэзка выказалася з нагоды таго, што зараз адбываецца ў краіне.

“Палітычнае балота, якое зусім застаялася і толькі зрэдку “булькала”, нарэшце пачало прачынацца, – заявіла спартсменка svaboda.org. – Людзі ўсвядомілі, што таксама маюць правы і мусяць іх адстойваць. У жыцці не магла ўявіць – каб паставіць подпіс за прэтэндэнта, беларусы будуць стаяць у шматгадзінных чэргах. Гэта настолькі дзіўна, што хочацца натхняцца і верыць у лепшае!

Тое, што ўлады ўсялякімі спосабамі спрабуюць не дапусціць прэтэндэнтаў да вырашальнай стадыі, сведчыць пра адно – рэальную паніку. Нервознасць, няўпэўненасць – усё відавочна. Таму ўсе брутальныя затрыманні, крымінальныя справы, ператрусы ў кватэрах і офісах – толькі ад гэтага. Але трэба сказаць, што нават у параўнанні з папярэднімі кампаніямі беларусы здолелі пераадолець страх. Магчыма, пабачылі наперадзе перспектыву.

Хто найперш выступае за дзеючага кіраўніка? Функцыянеры на вялікіх заробках. Зразумела, будуць “тапіць” за таго, хто іх фінансуе. Як сябе перасіліць і сказаць, што супраць? Трэба мець моцны характар. У спорце такіх адзінкі. Калі раней знаходзіліся тыя, хто не баяўся казаць праўду ў вочы, то паступова смеласць выбілі”.

Не было пасля гэтага нейкіх наступстваў для вас? – цікаўлюся ў спартсменкі.

– А якія могуць быць наступствы? Я штосьці не тое сказала? Некага абразіла? Выказала сваю пазіцыю, сказала ўслых тое, пра што многія і самі ведаюць, але ў сваёй большасці маўчаць. Таму я і сёння ад тых слоў не адмаўляюся. Шкада толькі, што людзі паверылі ў магчымыя перамены, але ж мы бачым, што сёння адбываецца.

– Тыя спартсмены, якія падтрымліваюць дзеючага кіраўніка, скардзяцца, што атрымліваюць шмат негатыву ў свой адрас у каментарыях.

– Да адкрытай абразы людзі, натуральна, не павінны апускацца, але калі вядомы спартсмен вырашыў выказаць такую пазіцыю, то няхай падрыхтуецца да негатыву. Значыцца, так народ ацэньвае працу вашага кандыдата. Выдаляйце пост, калі не жадаеце чытаць негатыў.

Мяне, дарэчы, таксама крытыкавалі ў сацыяльных сетках розныя бээрэсэмаўскія “боты”, але я нават не звяртала на гэта ўвагі. І свае словы не прыбірала.

– Пакінем убаку палітыку… Чым вы зараз займаецеся?

– Зараз у мяне ідзе анлайн-навучанне на трэнерскіх курсах. Калі адкрыюць межы, думаю паехаць за мяжу працаваць трэнерам. Адна прапанова ўжо ёсць. Тым больш што ў Беларусі мае веды, відаць, асабліва не патрэбны.

***

Газета «Народная Воля» № 55 (4513)