Фото: foodfriends.ru

Паблізу вёскі Отар Чачэрскага раёна міліцыя затрымала кампанію маладых людзей, якія сабралі 12 кілаграмаў канапель. Пра гэта паведаміў УУС Гомельскага аблвыканкама.

Незнаёмую машыну заўважылі ў полі на змярканні вяскоўцы – яны і «прасігналілі» ў Чачэрскі РАУС. Супрацоўнікі ДАІ і крымінальнага вышуку перакрылі шляхі выезду дзіўнай кампаніі. За рулём аўтамашыны была маладая жанчына, а з ёю – чацвёра хлопцаў ва ўзросце ад 22 да 32 гадоў. Кампанія везла чатыры пакеты са свежай расліннасцю. Маладых людзей затрымалі. Экспертыза пацвердзіла, што ў пакетах – марыхуана. Распачата крымінальная справа аб незаконным абароце наркотыкаў.

Высветлілася таксама, што жанчына-кіроўца і адзін з пасажыраў – муж і жонка. Яны пакінулі на бабулю сваё 11-месячнае дзіця, а самі выправіліся за горад па каноплі.
Марыхуана, афіцыйная назва канабіс, – гэта псіхаактыўнае рэчыва, якое атрымліваюць з канопляў. Раней у Беларусі вырошчвалі каноплі як сельскагаспадарчую культуру для вырабу пянькі і алею. Захавалася нават прымаўка: «Выскачыць, як Піліп з канапель», то бок знянацку. Сям-там каноплі да гэтага часу растуць самасеем. Але прымаўка ў звязку з забаронай вырошчвання канопляў можа гучаць цяпер хіба так: «Ускочыць, як Піліп у каноплі». Зрэшты, у чачэрскай кампаніі так яно і атрымалася.