Міліцыянеры выцягваюць з залы суда Мікалая Саляніка

Юлію Карначаву, каардынатара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай суд Ленінскага раёна Гродна аштрафаваў на 20 базавых велічынь (540 рублёў) за ўдзел у “ланцугу салідарнасці” 19 чэрвеня. Ежы Грыгенча, член ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай, за тое ж асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

На самым пачатку разгляду адміністрацыйнай справы Ежы Грыгенча заявіў суду, што міліцэйскі пратакол складзены на яго як “фількіна грамата”, паколькі на ім адсутнічаюць подпісы тых, хто яго складаў, а тэкст, маўляў, наогул, не разабраць.

Да ўсяго, ён дадаў, што з пратаколам не азнаёмлены і лічыць, што ён падроблены. Суддзя Ларыса Барэль задаволіла хадайніцтва Грыгенчы на азнаямленне з пратаколам і аб’явіла перапынак у судзе. Пасля азнаямлення з пратаколам Грыгенча хадайнічаў, каб адправіць яго на экспертызу, але гэта хадайніцтва не задаволілі.

Што датычыць яго абвінавачвання ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, Грыгенча патлумачыў, што ён давераная асоба прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзідэнта і на законных падставах займаўся зборам подпісаў. Дарэчы, на суд у Гродна прыехала і Ганна Канапацкая, каб падтрымаць сябра сваёй ініцыятыўнай групы.

Прадстаўнікі міліцыі сведчылі, што Грыгенча стаяў разам з іншымі ў “ланцугу салідарнасці”. На гэтай падставе і было прынята рашэнне: 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Разгляд справы Юлі Карначавай пачаўся з інцыдэнта. Суддзя Руслан Гурын выдаліў з судовай залы актывіста Мікалая Саляніка, паколькі той не ўстаў, калі Гурын увайшоў у залу. Гурын выклікаў міліцыянераў і Саляніка выцягнулі з залы сілай. Дарэчы, Салянік патлумачыў свае паводзіны тым, што ён інвалід ІІ групы і хворы на сэрца.

Юлія Карначава адмаўляла ў судзе ўдзел у “ланцугу салідарнасці”, казала, што з’яўляецца каардынатарам ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за Святлану
Ціханоўскую і займалася толькі тым, што збірала подпісы. А пасля сваёй працы вярталася дамоў праз мост, на якім і праводзілі “ланцуг салідарнасці”, але яна не брала ў ім удзел.

Аднак сведчанні міліцыянераў зводзіліся да таго, што яна непасрэдна брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Суд прыняў да ведама сведчанні менавіта міліцыянераў.

Юлія Карначава за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пакарана штрафам у памеры 20 базавых велічынь, што на сённяшні дзень складае 540 рублёў.