11 ліпеня ў Бруселі, сталіцы Каралеўства Бельгія і месцы размяшчэння буйнейшых заходнееўрапейскіх арганізацый і транснацыянальных карпарацый, адбылася масавая акцыя салідарнасці з беларускім народам.

Яна ладзілася з 13 да 14 гадзін на плошчы Роберта Шумена, паведаміла былая гомельская прадпрымальніца Таццяна Марчанка, якая жыве цяпер у Антверпене. На пікет салідарнасці з’ехаліся беларусы з розных бельгійскіх гарадоў.

За паўтыдня да пікета бельгійскія беларусы накіравалі запрашэнне на ўдзел у акцыі салідарнасці ў міжнародную праваабарончую арганізацыю Amnesty International, у якім адначасова прасілі «звярнуць пільную ўвагу на парушэнне асноўных правоў і свабод грамадзян на нашай радзіме ў Рэспубліцы Беларусь: права на жыццё, свабоду слова, на атрыманне праўдзівай інфармацыі, свабоднае волевыяўленне, на мірныя сходы і свабодны выбар».

У запрашэнні-звароце ў Amnesty International беларусы пішуць, што ў цэнтры еўрапейскага кантынента фармуецца паліцэйская дзяржава пад кіраўніцтвам дзейнага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: «Сваімі апошнімі дзеяннямі Аляксандр Лукашэнка паказаў, што гатовы ўчыніць сапраўдны тэрор супраць народа Беларусі дзеля ўтрымання сваёй аднаасобнай улады».

Прыводзяццца факты «хапуноў» людзей на вуліцах беларускіх гарадоў спецпадраздзяленнямі міліцыі ў чорнай уніформе і цывільным адзенні, згадваюцца арышты палітычных супернікаў кіраўніка дзяржавы, блогераў папулярных YouTube-каналаў, затрыманні журналістаў недзяржаўных СМІ. Апроч таго, указваеццца, што Аляксандр Лукашэнка праігнараваў рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя наконт увядзення карантынных мер у сувязі з пандэміяй CAVID-19, што прывяло да цяжкіх наступстваў і шматлікіх смерцяў.

Бельгійскія беларусы накіравалі таксама пісьмовы зварот амбасадару Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія Аляксандру Міхневічу. Яны пішуць, што беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва – гэта «заўсёды сімвал повязі з радзімай і надзея на падтрымку і дапамогу ў цяжкіх і адказных сітуацыях».

На тэрыторыі дыпмісіі, гаворыцца ў звароце, будуць праходзіць пасяджэнні выбарчай камісіі і «сама працэдура выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Таму беларусы, якія жывуць у Бельгіі, просяць амбасадара Міхневіча забяспечыць для іх умовы галасавання, каб кожны мог «свабодна і сумленна выразіць сваю грамадзянскую пазіцыю шляхам удзелу ў выбарах».