“Ой, Нёман, і песня, і слава народа майго і зямлі!”

132
Фото http://belvodokanal.by

Нёманец, Нёман, Нямунас. Гэта розныя назвы адной і той жа ракі. Ракі, добра вядомай у Еўропе, але найперш беларусам, літоўцам і палякам. У сярэднявечнай магутнай дзяржаве ВКЛ Нёман быў вялікай воднай магістраллю. Вытокі яго на захадзе ад Мінска. Зліваючыся ў адно русла, Уса, Лоша і Нёманец ператвараюцца ў Нёман. Звыш 900 кіламетраў, агінаючы Навагрудскае ўзвышша, прабіваючы шлях праз марэнную Гродзенскую граду, збіраючы воды ў заходне-паўночнай тэрыторыі Беларусі і часткі Палесся, коціць Нёман свае воды ў Балтыйскае мора.

Сёння ў кожнага рэчка Нёман выклікае свае асацыяцыі: вялікі старажытны гандлёвы шлях, дарога для заваёўнікаў, рака замкаў і цвердзяў, радзіма вялікіх людзей, пісьменнікаў і песняроў, рака баявой славы беларускіх партызан і французскіх лётчыкаў дывізіі “Нармандыя-Нёман”, месца, дзе бярозаўскія майстры-шкладувы твораць “цуды” з крышталю. У апошнія гады дадаюць аўтарытэту гэтай рацэ і хакеісты гродзенскага “Нёмана”, выдатна выступаючы на еўрапейскай арэне. Набірае папулярнасць у аматараў літаратуры і паэзіі часопіс “Нёман”.

Нёман – рака-легенда. Многія знакамітыя людзі, якім хоць раз давялося пабыць на яе берагах, пакінулі запамінальныя ўспаміны ў сваіх творах. Нагадваем двух Міцкевічаў – Адама і Канстанціна (Якуба Коласа), Яна Чачота, Вінцэся Каратынскага, Уладзіслава Сыракомлю, Элізу Ажэшку, Янку Брыля, Уладзіміра Калесніка, кампазітараў А.Шыдлоўскага і М.Сакалоўскага і дзясяткі іншых.

У народзе да назвы гэтай ракі амаль заўсёды дадаюць слова “бацька”. Бо ён, як сапраўдны бацька, беларус і па паходжанню, бо бярэ пачатак у самым цэнтры нашай краіны, і па сваіх справах, бо дае людзям працу і прыбытак: з водаў – рыбу, з прыбярэжных лясоў і пушчаў – першагатунковы карабельны лес, дравесны вугаль, жывіцу, мяса і футра дзічыны, грыбы, ягады. Прыбярэжныя заліўныя лугі былі і ёсць раздоллем для выпасу хатняй жывёлы, а ўрадлівыя глебы – для вырошчвання зерня і льну. Менавіта тут, паблізу Шчорсаў, графу Храптовічу ўдалося наладзіць яшчэ ў 18 стагоддзі перадавую сельскую гаспадарку, якая грымела на ўсю Еўропу. Гэты мецэнат зрабіў Шчорсы вядомымі ў свеце і сваёй бібліятэкай, на паліцах якой было звыш 26 тысяч кніг, паўтары сотні з якіх былі асабліва старажытныя і рэдкія. У яго калекцыі захоўвалася таксама каля сямі тысяч гравюр.

Мне пашчасціла з’явіцца на свет у наднёманскай старажытнай Любчы, вядомай сваім сярэднявечным замкам і друкарняй, магдэбургскім правам з 1590 года, партызанскай славай, урадлівымі глебамі і працавітым людам. Тут прайшлі мае дзіцячыя гады. Тут штогод я бавіў летнія школьныя канікулы.

Любча ў той час была для мяне ледзьве не цэнтрам Еўропы. Чыгунка, хоць і вузкакалейная, жоўта-чырвоны вялікі аўтобус, што раз на тыдзень мог давезці любога ў нейкія там Баранавічы, дзясяткі рачных “караблёў”- буксіраў, якія снавалі туды-сюды па Нёмане, берагі якога былі завалены тысячамі кубаметраў спілаванага лесу. На маю думку, кожны такі “карабель”, напэўна, дасягаў Балтыйскага мора. Як ўсё гэта абуджала маю дзіцячую фантазію, як мне хацелася трапіць на гэты борт, дабрацца да мора- акіяна!

А якога каларыту да ўсяго гэтага дадаваў штотыднёвы базар, для якога быў адведзены вялікі пляц за плотам дзедавай хаты! Задоўга да світання з’язджаліся сотні падводаў з блізкіх і далёкіх вёсак, людзі плылі на лодках, ішлі пешшу. Да палудня пішчалі парасяты, мычалі каровы, бляялі авечкі, падаваў голас на розны лад і іншы жывы тавар. А колькі выстаўлялася збаноў, гаршкоў, бочак, дзежак, кубельцаў, балеяў, прыладаў для хатняга абіходу, кавальскіх і іншых вырабаў майстроў-рамеснікаў!

А як здзіўляла разнастайнасць у харчовых павільёнах! Тут былі масла і смятана, сыры клінковыя і “галандскія”, каўбасы і кумпякі вяленыя і вэнджаныя, хлеб хатняй выпечкі, яйкі, мёд, арэхі, чырвоныя пеўнікі з карамелізаванага цукру, яблыкі, ігрушы, вішні, чарэшні, лясныя ягады і шмат іншага. Страціўшы статус раённага цэнтра ў 1956 годзе, Любча паступова ператваралася ў невялікае паселішча з менш чым тысячай жыхароў (у 50-я гады там жыло 5 тысяч жыхароў).

Але багатая шматвяковая гісторыя гэтага краю не прапала. Яна захоўваецца сёння ў школьным краязнаўчым музеі, які мае статус народнага дзякуючы ў першую чаргу апантанаму мясцоваму краязнаўцу М.М.Карповічу. Сёння экспазіцыя гэтага музея па колькасці і вартасці сваіх экспанатаў не саступае дзясяткам музеяў раённага маштабу. Другі, малодшы любчанец, І.А.Пячынскі, бязмерна ўлюбёны ў сваю малую радзіму, стварыў дабрачынны фонд “Любчанскі замак” і звыш дваццаці гадоў днём і ноччу з кельмай ці рыблёўкай сам разам з валанцёрамі, з нераўнадушнымі любчанцамі і іншымі жыхарамі Навагрудчыны і Беларусі, збіраючы па капейцы, па рублю, па цаглінцы, надаў яму першапачатковы сярэднявечны выгляд. Пры гэтым вельмі часта замест дапамогі ад зацікаўленых дзяржаўных ці грамадскіх структур трапляў пад крытыку.

А зараз уявіце, якую памылку ў свой час нехта зрабіў, ліквідаваўшы вузкакалейную чыгунку. Айчынныя і замежныя турысты, студэнты, школьнікі, навукоўцы, ураджэнцы Навагрудчыны, пазнаёміўшыся з першай сталіцай ВКЛ, мелі б магчымасць у “цацачным” вагончыку, па рэльсах пятляючы паміж далінаў і ўзгоркаў, любуючыся непаўторнымі краявідамі, прыехаць у Любчу на бераг Нёмана. Тут са сцен адноўленага замка паглядзець на Налібоцкую пушчу, папалуднаваць, замовіць вячэру, пераначаваць у атмасферы сярэднявечча, зрабіць на рыбным кацеры прагулку па рацэ ў бок Дзяляцічаў ці Купіска, наведаць музей, пагаварыць са старажыламі, некалькі дзясяткаў якіх яшчэ жыве. Яны добра памятаюць жыццё былога раённага цэнтра, атмасферу любчанскіх базараў і іншых пасляваенных падзей. Давайце ж хутчэй ад размоў аб развіцці турыстычнай індустрыі пераходзіць да дзеяння, да абраджэння гэтай справы на практыцы!

Канешне ж, Шчорсы і Любча – адны з важнейшых пасяленняў на верхнім Нёмане, але ёсць яшчэ Дзяляцічы, знакамітыя сваімі плытагонамі, Морына з калісьці магутным цагляным заводам, які адпраўляў баржамі чырвоную цэглу на будоўлю Гродна, Бярозаўка са старэйшым у Беларусі шклазаводам і музеем непаўторных вырабаў мясцовых майстроў-шкладуваў.

На правым беразе Нёмана, ніжэй Бярозаўкі, акурат насупраць сярэднявечных бродаў, па правым шляху з Навагрудка на Гародню, раскінулася старасвецкае мястэчка Беліца. У 15 стагоддзі гэта было вялікакняжацкае ўладанне, а пазней магнатаў Глінічаў Радзівілаў. Гетман Радзівіл Руды ў 1553 годзе заснаваў тут кальвінскі збор, у якім пазней праходзілі кальвінскія сіноды. У 19 стагоддзі тут дзейнічалі праваслаўная царква, касцёл і сінагога, штогод праводзіліся чатыры кірмашы, а да 60-х гадоў 20 стагоддзя ў мястэчка здалёк з’язджаліся людзі на знакамітыя “свіныя” базары. На паўночна-ўсходняй ускраіне Беліцы бескурганны могільнік, а ў яе ваколіцах – дзясяткі стаянак старажытнага чалавека. Сёння праз Беліцу ідуць аўтамабільныя трасы М11 і Р141.

Ніжэй за Беліцу ўздоўж Нёмана будуць вартымі ўвагі турыстаў-воднікаў Збляны з цікавай праваслаўнай царквой, багатымі традыцыямі народнага ткацтва. Далей – Панямонцы, вёска “прафесійных” рыбакоў (яшчэ з часоў панскай Польшчы тут дзейнічала рыбалоўная арцель), а за ёй – аграгарадок Пескаўцы з сярэдняй школай, паштовым аддзяленнем, магазінам. Насупраць Панямонцаў, на левым беразе – вёска Дзятлаўскага раёна з цікавай назвай Латышы, каля вёскі некалькі стаянак і гарадзішча першабытнага чалавека. У самой вёсцы засталося жыць не больш за 3-4 чалавекі. За Латашамі клінам у тэрыторыю Дзятлаўскага раёна на левым беразе Нёмана ўразаюцца землі Лідскага раёна з вёскай Карытніца, якая раскінулася нібы ў вялікім “карыце” паміж дзвюма доўгімі пясчанымі гарбамі-дзюнамі.

За Карытніцай на левым беразе Нёмана яшчэ тры вёскі Дзятлаўскага раёна. Праўда, сама рака за многія стагоддзі на кіламетр-два адышла ад Дзямянаўцаў, Шаршнёў і Гузнёў, пакінуўшы жыхарам гэтых вёсак старыцы, а паміж імі і берагам сучаснага русла – маляўнічыя дубравы з векавымі дубамі-волатамі, з прыгожымі палянамі і пясчанымі пляжамі. Менавіта тут мы, дзятлаўскія турысты-воднікі, звычайна і заканчваем свае маршруты, пачынаючы іх ці на Моўчадзі, ці на Нёмане з Любчы, Шчорсаў або з-пад Стоўбцаў.

Шаноўныя аматары падарожжаў, калі ў вас ёсць некалькі вольных летніх дзён і вам хочацца правесці іх запамінальна, калі ёсць жаданне пажыць у атмасферы плытагонаў ці купцоў, якія плылі крамянёвым і бурштынавым шляхам з “варагаў у грэкі”, ці рыбакоў, якія здабывалі невадам сродкі на жыццё, папоўніць свае веды па гісторыя прынёманскага краю ці проста адпачыць ад гарадскога шуму, смела пакуйце заплечнікі, рыхтуйце намёты, спальныя мяхі. Нёман чакае вас! Рака гэта хоць і глыбокая месцамі, хоць і забрала жыццё ў тысяч заваёўнікаў, а бывала, і ў сваіх неасцярожных людзей, на самой справе мірная, прыгожая, дазваляе тым, хто ўпершыню апынецца на яе водах і будзе выконваць элементарныя правілы паводзін, цудоўна адпачыць, яшчэ больш палюбіць і ацаніць свой край, сваю малую радзіму, сваю Беларусь.

У 1975 годзе мне давялося за адно лета ў два прыёмы прайсці гэту раку амаль ад вытокаў з Мікалаеўшчыны да яе вусця і праз Куршскую затоку да Клайпеды. Праўда, шлях ад Каўнаса да мора быў на камфартабельным рачным цеплаходзе, на падводных крылах. Уражанні і бязмерная любоў да гэтай ракі засталіся на ўсё жыццё. Пасля таго мяне захапіў неадольны спартыўны азарт, што пацягнуў пакараць адну за адной бурлівыя горныя рэкі ў розных кутках былога СССР. Але Нёман застаўся для мяне, па словах Адама Міцкевіча, радзіннай ракой.

Цяпер, калі мне ўжо даўно за 70 і здароўе не вельмі дазваляе шмат дзён жыць у паходных умовах, з надыходам цяпла ўсё часцей усплываюць у памяці то асобныя эпізоды і моманты, то нават і цэлыя дні, праведзеныя на экваторыі бацькі-Нёмана.

Нёман вас чакае! Ён вам гатовы аддзячыць сваёй прыгажосцю, некранутай цішынёй, летнім сонцам і цёплым дажджом, грыбамі і ягадамі з прыбярэжных лясоў. А некаторым падорыць і пару акунёў ці плотак на юшку.


Няма запісаў для адлюстравання