Фота: Mogilev.biz

Група каталіцкіх вернікаў Беларусі абвясціла кампанію супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта. Такім чынам ініцыятары спадзяюцца павысіць свядомасць католікаў і данесці інфармацыю аб тым, што фальсіфікацыя, удзел у ёй ці замоўчванне фактаў з’яўляецца цяжкім грахом, з якога трэба спавядацца.

“Кожны католік павінен лічыць галасы шчыра і сумленна. Калі існуюць перадумовы ці страх, што вынік выбараў у камісіі будзе скажацца, католік можа ўзяць самаадвод. Альбо – удзельнічаць у працы камісіі і інфармаваць адпаведныя органы пра парушэнні ананімна ці публічна”, –тлумачаць ініцыятары кампаніі.

Яны адзначаюць, што свядомы ўдзел і пагадненне з несумленнай працай выбарчай камісіі з’яўляюцца грахом супраць восьмай запаведзі ці саўдзелам у ім. Запаведзь забараняе фальшывае сведчанне і хлусню. Парушэнне любой запаведзі – гэта грэх, і католік не можа ў гэтым удзельнічаць.

Кіраўнік Каталіцкага касцёла ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заявіў, што выбары павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі.
Арганізатары інфармацыйнай акцыі выступаюць за супрацоўніцтва з іншымі хрысціянскімі цэрквамі ў гэтым пытанні.