Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік пасля вызвалення 9 ліпеня

У чацвер, 9 ліпеня, з СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску былі адпушчаныя палітычныя зняволеныя і вязні сумлення, якія праходзяць па так званай «справе Ціханоўскага», Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік. Ім змянілі меры стрымання з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе.

Яны застаюцца абвінавачанымі па крымінальнай справе па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Васіль і Уладзімір вярнуліся дадому ў Гродна, паведамляе незарэгістраваны ў Беларусі ПЦ «Вясна».

Васіль Баброўскі быў затрыманы 29 траўня ў Гродне падчас выбарчага пікета па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай. Тады супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала “Страна для жизни” Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія прымалі ўдзел у дадзеным пікеце.

Уладзіміра Навуміка, члена ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, затрымалі 31 траўня. 8 чэрвеня семярым удзельнікам мерапрыемства, у тым ліку Васілю Баброўскаму і Уладзіміру Навуміку, было прад’яўленае абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях (частка 1 артыкула 342 КК Рэспублікі Беларусь).

9 чэрвеня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала іх палітычнымі зняволенымі і запатрабавала неадкладнага вызвалення ўсіх абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Пазней міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала беларускіх палітвязняў вязнямі сумлення.