Валянцін Стэфановіч. Фота: https://spring96.org

Ужо 18 чалавек знаходзяцца пад вартай у рамках крымінальных спраў, распачатых паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

Сярод іх блогеры, актывісты, сябры ініцыятыўнай групы патэнцыяльнай кандыдаткі на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай і простыя грамадзяне Беларусі. Тым, каму ўжо прад’яўлена абвінавачанне, вядома, што яны праходзяць па так званай справе Ціханоўскага, звязанай з інцыдэнтам на выбарчым пікеце 29 мая.

Артыкул 342 КК Рэспублікі Беларусь гучыць так: «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях».

«Крымінальны пераслед і змяшчэнне пад варту па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса ў Беларусі стаў новай формай адвольных затрыманняў, – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. – Асноўная мэта – ізаляцыя на перыяд выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.

Улады выкарыстоўваюць гэтыя падзеі як нагоду для затрымання ўсіх, на іх думку, патэнцыяльна небяспечных людзей: блогераў, актывістаў і іншых. І падобна, што не надта клапоцяцца пра якасць гэтай крымінальнай справы і, напэўна, не вельмі разлічваюць на яе судовыя перспектывы».

Паводле меркавання праваабаронцы, справы не абавязкова могуць дайсці да суда.

«Як паказала практыка і «справа патрыётаў» у 2017 годзе, калі крымінальная справа спыняецца на этапе папярэдняга следства да суда, то ніякіх кампенсацый праз суд дамагчыся ў сувязі з утрыманнем пад вартай немагчыма. Гэта, канешне, вельмі зручная форма для ўлад. Так можна ледзь не год утрымліваць чалавека ў СІЗА, а потым спыніць крымінальную справу і вызваліць яго без усякіх кампенсацый», – дадае Валянцін Стэфановіч.