Фота https://www.racyja.com

— Традыцыйная апазіцыя паслужыла ўсяго толькі гноем для той сітуацыі, якая склалася вакол прэзідэнцкіх выбараў, — адзначыў Уладзімір Колас у размове з карэспандэнтам «Радыё Рацыя». — Нашы апазіцыянеры расчысцілі пляцоўку для з’яўлення новых персанажаў, таму што ўся іх папярэдняя дзейнасць, якую мы не раз крытыкавалі, завяршылася тым, пра што казалі раней.

Усе ўбачылі, што адсутнічае галоўная прафесійная якасць палітыкаў – здольнасць на кампраміс і кансалідацыю. Замест гэтага было выпінанне ўласных амбіцыяў і ўласных мэтаў замест дасягнення адзінай мэты.

Гэта прывяло да таго, што сёння той класічнай апазіцыі па сутнасці ўжо няма. І на гэтым фоне ўзніклі новыя палітычныя персанажы. На жаль, яны ідуць тым жа шляхам, што і традыцыйная апазіцыя – з самага пачатку кожны думаў, што ён самы разумны, і што ў яго ўсё атрымаецца.

— На ваш погляд, ці даў нейкі плён праймерыз?

— Праймерыз павінен быў ствараць здаровую канкурэнцыю паміж прадстаўнікамі апазіцыі, што дало б магчымасць выбраць адзінага кандыдата. Але ў нашым выпадку канкурэнцыя перарасла ў варожасць. І замест узмацнення і кансалідацыі апазіцыйных сіл атрымалася самаразбурэнне. Усе перасварыліся і не пайшлі на выбары, таму што сіл на гэта ўжо не было.

— Ці ёсць якая будучыня ў беларускай апазіцыі?

— Новыя сілы мусяць быць, хаця тое, што зараз з’явілася, – гэта нейкі кантраст.

Раней дэмакратычныя сілы ішлі на выбары пад сцягам нацыянальнага адраджэння, а зараз з’явіліся людзі, якія дэманстратыўна ігнаруюць беларускую мову і прадстаўляюць так званую рускамоўную інтэлігенцыю.

Безумоўна, гэта не можа выклікаць нашых сімпатый і нейкага аптымізму. Будзем спадзявацца, што можа і гэтыя людзі зробяць нейкія высновы і зменяцца ў лепшы бок, але пакуль усё выглядае даволі сумна.