Суддзя Гродзенскага абласнога суда Уладзімір Яўхута адхіліў скаргу Сяргея Ціханоўскага на прысуд Ленінскага суда Гродна, у якой ён аспрэчваў 15 сутак арышту за непадпарадкаванне міліцыі.

Вядомы блогер і кіраўнік ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай  знаходзіцца пад вартай у Мінску па крымінальнай справе і абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў іх. Скаргу ад яго імя падаваў адвакат. Ён жа хадайнічаў пра тое, каб забяспечыць удзел Ціханоўскага ў разглядзе скаргі праз відэасувязь. Суддзя не задаволіў гэтае хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што ажыццявіць такую відэасувязь няма магчымасці.

Пасля гэтага суддзя зачытаў скаргу і пайшоў раіцца. Яшчэ праз паўгадзіны ён агучыў у зале рашэнне: скарга Ціханоўскага незадаволена.

Нагадаем, што 1 ліпеня суд Ленінскага раёна прызначыў Ціханоўскаму адміністрацыйны арышт на 15 сутак. Прычына — непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні яго на пікеце ў Гродне 29 мая.