Тэлеканал АНТ паказаў «спецрасследаванне», прысвечанае так званай справе Белгазпрамбанка, піша «Наша Ніва».

У сюжэце паведамляецца, што фігуранты нібыта актыўна супрацоўнічаюць са следствам.

Былі паказаныя кадры вочнай стаўкі. У ёй бралі ўдзел в. а. старшыні праўлення Белгазпрамбанка Кірыл Бадзей і яго былы шэф, экс-старшыня праўлення банка — Віктар Бабарыка.

Бадзей называе кампаніі (у тым ліку «ПрыватЛізінг», «Прававы дыялог» і «Сістэмы апрацоўкі») і прозвішчы людзей, ад якіх атрымліваў гатоўку — ад 250 тысяч да 300 тысяч штогод.

«Апошняя сума, якая была ўжо вясной 2020 года (Віктар Дзмітрыевіч пакідаў банк), ён даручыў самастойна перадаць гэтыя грашовыя сродкі іншым калегам. Грошы я аддаваў Ільясюку, Кузьмічу і Шабану. Гэта была не мая ініцыятыва. Мне яе агучыў Віктар Дзмітрыевіч [Бабарыка]. Грашовыя сродкі перадаваліся, як разумею, за супрацоўніцтва з названымі кампаніямі. Паміж банкам і кампаніямі», — паведамляе Бадзей.

Начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак распавёў падрабязнасці справы.

«Калі сцісла, то сутнасць бізнэсу была такая. «ПрыватЛізінг» рэалізоўваў насельніцтву тавары ў растэрміноўку або лізінг і разлічваўся з прадаўцом за кошт крэдытных рэсурсаў банка. Такім чынам, паспяховасць дзейнасці кампаніі непасрэдна залежыла ад умоў, на якіх банк падаваў крэдытныя рэсурсы. Кіраўніцтвам банка, у тым ліку старшынёй праўлення Віктарам Бабарыкам, прадпрымальнікам паставілі ўмову: за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб крэдытаванні на выгадных умовах яны павінны былі даваць частку прыбытку ў выглядзе так званага адкату», — сказаў Канстанцін Бычак.