Пасля затрымання 3 ліпеня і працяглага знаходжання ў міліцыі, гамяльчанін Аляксей Раманаў зноў апынуўся ў бальніцы. Раней ён перанёс анкалагічную аперацыю і праз гэта займеў патрэбу ў перыядычнай медыцынскай дапамозе. А тут яшчэ міліцэйскі гвалт.

У Дзень Незалежнасці Раманаў выправіўся на пляж, каб далучыцца да акцыі салідарнасці, якую гомельскія актывісты меліся спалучыць з адпачынкам.

На набярэжнай Аляксей заўважыў прыклееную на лаўцы ўлётку, на якой быў фотаздымак міліцыянта з Гродна, «ўпаўшага» на пікеце Ціханоўскіх, і подпіс на рускай мове: «Милиция с народом. Мусор – с Лукашенко».

«Я не клеіў гэтую ўлётку, – тлумачыць Аляксей Раманаў, – проста ішоў па набярэжнай, убачыў цікавую ўлётку і папрасіў мінака мяне сфоткаць. Гэты мінак аказаўся супрацоўнікам міліцыі».

Аляксея Раманава даставілі ў Цэтральны райаддзел міліцыі і склалі аміністрацыйны пратакол за парушэнне парадку падрыхтоўкі ці правядзення масавага мерапрыемства – паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Раманаў абурыўся незаконным затрыманнем і адміністрацыйным пратаколам, абазваў міліцыянтаў «фашыстоўскімі мярзотнікамі».

Як сцвярджае гамяльчанін, за гэта начальнік РАУС Аляксандр Штрапаў загадаў надзець на Раманава кайданкі і адвезці яго ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцу Міжгароднюю.

У ізалятары Аляксей распавёў пра свае хваробы і аперацыю, і яго адправілі назад у Цэнтральны РАУС. Маўляў, у ізалятары ён памрэ, а ім адказвай. Аляксею і сапраўды зрабірася блага. Міліцыянты выклікалі хуткую дапамогу. Брыгада медыкаў прапаноўвала затрыманаму гамяльчаніну шпіталізацыю, але ён адмовіўся, бо быў святочны дзень, а за ім – два выходных.

Раманава ўтрымлівалі ў міліцыі амаль паўсутак і адпусцілі толькі ў 23 гадзіны. Цяпер яго чакае чарговы суд.

У маі суд Цэнтральнага раёна ўжо прызнаваў Аляксея Раманава вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства. За ўдзел у акцыі салідарнасці з арыштаваным блогерам Сяргеем Ціханоўскім на плошчы Леніна ў Гомелі Раманаў аштрафаваны на 270 рублёў.