
Пакуль Павел Севярынец знаходзіцца за кратамі, з’явіўся працяг яго рамана «Беларусалім. Сэрца святла».
«Мы шчыра просім у спонсараў прабачэння за затрымку – пандэмія і беларускае беззаконне перакрыла ўсе нашы планы», – кажа жонка палітыка Вольга Севярынец.
– Мы яшчэ ў маі павінны былі прэзентаваць выданне, – адзначае Вольга. – Кніга выйшла не вельмі вялікім тыражом – усяго 600 асобнікаў, але набыць яе можна пакуль што толькі праз сайт kroplia.by. У мяне фізічна не хапае часу ездзіць і дамаўляцца з кнігарнямі. Малы сын – на руках, Павел – за кратамі.
З-за гэтага і вялікую прэзентацыю ў Мінску немагчыма правесці, плануем яе на восень.
– Ці ёсць якія навіны ад Паўла?
– Самая добрая навіна – дазволілі перадаць яму перадачу. Я пагутарыла з доктарам Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, і ён сказаў, што рука мужа, якую ён падрапаў у знак пратэсту, зажывае.
Таксама вядома, што на ім «вісіць» яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол, які суд ужо другі раз адпраўляе на дапрацоўку. Таму ў любы момант могуць дадаць яшчэ 15 сутак арышту.
– Колькі сутак яму ўжо налічылі?
– Паводле маёй інфармацыі, яму прысудзілі 60 сутак. Калі дадуць яшчэ 15, то выйдзе на волю акурат пасля выбараў. Магчыма, на гэта і разлічана.
– Павел ужо выйшаў з карцара?
– Пра гэта дакладна не вядома, бо адвакату не дазволілі наведванне Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Але лагічна: калі прымаюць перадачы, то ўжо выйшаў з карцара. Гэта калі прытрымлівацца закона. Але ж мы ведаем, як у нашай краіне працуюць законы, таму на 100 працэнтаў ніхто не можа даць гарантый, што Паўла зноў не адправілі ў карцар.
І яшчэ пытанне: наогул ці перадаюць вязням перадачы? І ці даходзяць мужу тыя лісты, што я пастаянна пішу?
***
Газета “Народная Воля” № 53 (4511)