Фото www.racyja.com

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў распавёў Радыё Рацыя, чаму ён не верыць, што былая аднапартыйка Ганна Канапацкая, якая балатуецца ў прэзідэнты, сабрала 100 тысяч подпісаў.

Мікалай Казлоў: Тут трэба казаць не толькі пра подпісы Ганны Канапацкай, але і Сяргея Чэрачня, і Андрэя Дзмітрыева. Маніпуляцыі з іх лічбамі настолькі відавочныя, што проста ўражваюць. Павінна ж у людзей быць нейкае элементарнае сумленне. Калі гэтыя людзі заяўляюць пра адну лічбу сабраных подпісаў, а Цэнтрвыбаркам агучвае лічбу на адсотак большую, то тут кандыдаты павінны былі не Цэнтрвыбаркам апраўдваць, а выступаць з рэзкімі заявамі. Выходзіць з кампаніі, праводзіць уласнае расследванне. Але ўсё сядзяць ціха, як мышы. Усіх усё задавальняе.

РР: Навошта палітыкам так ганьбіць сваё імя? Якая мэта?

Мікалай Казлоў: Асабіста я лічу, што некаторыя ўжо, як кажуць, зрасліся з уладай і выконваюць тыя функцыі, якая ім даручана адміністрацыяй прэзідэнта. Больш тлумачэнняў такіх паводзін не знаходжу. Мы ж бачым, што ўладам патрэбна рэгістраваць людзей, якія не карыстаюцца папулярнасцю ў народа, а вось такія як Бабарыка ці Цапкала, за якіх чэргі выбудоўваюцца, натуральна, не патрэбны.
Увогуле, на тое, як людзям плююць у твар, проста агідна глядзець. Ім паказваюць – ваш голас нішто не азначае, толькі мы вырашаем, што будзе далей. Сістэма стала настолькі нахабнай, што яна ўжо не зважае на меркаванні людзей. Калі нехта выказвае пратэст – пачынаюцца жорсткія рэпрэсіі. Больш за тое! Менавіта няўнасць кандыдатаў-спойлераў дае магчымасць уладам учыняць такія рэпрэсіі ў дачыненні да кандыдатаў, якія рэальна маюць народную падтрымку. І ў гэтым увесь трагізм сёняшняй сітуацыі.