У Светлагорску 52-гадовая жанчына арыгінальным чынам заахвоціла свайго 47 гадовага сужыцеля – стала за казённы кошт выплочваць яму штомесячна дапамогу. Можна сказаць, прэмію.

Працавала Ж. метадыстам у аддзеле адукацыі Светлагорскага райвыканкама, адказвала за захаванне правоў дзяцей. У сярэдзіне лютага 2015 года Ж. склала падложную копію рашэння райвыканкама «Аб устанаўленні апекі над непаўнагадовымі», апекуном дваіх не існуючых дзяцей 2002 і 2005 гадоў нараджэння запісала сужыцеля. Разам з іншымі падобнымі дакументамі Ж. замацавала ў справавода райвыканкама фіктыўнае рашэнне пячаткай, надаўшы яму такім чынам юрыдычную моц.

Да таго часу сужыцель І. па змове з метадысткай паспеў ужо адкрыць на сваё імя ў ААТ «Беларусбанк» карт-рахунак. Туды і сталі паступаць штомесячна грошы нібыта на ўтрыманне дваіх непаўналетніх дзяцей.

З сакавіка 2015 года і да лютага 2020 на рахунак І. пералічана 29,7 тысячы рублёў, якія абласканы светлагорац траціў на свае патрэбы.

Махлярства выкрылася падчас праверкі. Жанчыну-метадыстку і яе сужыцеля суд Светлагорскага раёна прызнаў вінаватымі ў завалоданні чужой маёмасцю шляхам злоўжывання даверам (махлярстве), учыненым групай асобаў у асабліва буйным памеры. Метадыстка атрымала 5 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, а яе сужыцель — 4 гады. Кожнаму з іх прызначаны штраф у 100 базавых велічынь (па 2700 рублёў). Апроч таго, ім давядзецца кампенсаваць нанесеную Светлагорскаму райвыканкаму шкоду ў памеры 29,7 тысячы рублёў.

Вырак суда яшчэ не набыў юрыдычную моц, ён можа быць абскарджаны.