Фота https://pbs.twimg.com

Колькасць месцаў для правядзення агітацыі за кандыдатаў падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Гродне і іншых гарадах вобласці знізілася ў разы. Праваабаронцы лічаць, што такія дзеянні носяць абмежавальны і забараняльны характар.

Так, да прыкладу, у 2015 годзе на перыяд выбарчай кампаніі ў Ленінскім раёне Гродна было вызначана восем розных месцаў на адкрытым паветры, сёлета – толькі адно.

Пяць гадоў таму ў Кастрычніцкім раёне Гродна на адкрытым паветры было вызначана 11 месцаў. Зараз – таксама толькі адна пляцоўка, дзе можна ладзіць сустрэчы з кандыдатамі.

Што тычыцца правядзення сустрэч у памяшканнях, то іх колькасць у параўнанні з 2015 годам таксама заўважна скарацілася. Сёлета ва ўсім горадзе дазволена праводзіць сустрэчы з кандыдатамі на пасаду прэзідэнта толькі ў чатырох памяшканнях. А ў 2015-м такіх памяшканняў у горадзе налічвалася 19.

Гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч заўважыў для “Народнай Волі”, што гэта не што іншае, як сведчанне таго, як улады напалохаліся вулічнай актыўнасці падчас збору подпісаў.

“Тыя чэргі з людзей, якія нават у дождж стаялі, каб аддаць подпіс за альтэрнатыўнага прэтэндэнта ў кандыдаты, і прымусілі ўладу пазней прымаць рашэнне, каб людзі са сваімі кандыдатамі маглі сустрэцца не ў зручным месцы – у цэнтры горада, а былі выціснуты туды, дзе выгульваюць сабак”, – падкрэслівае праваабаронца.

Яшчэ адзін прыклад. У Смаргоні на мінулых прэзідэнцкіх выбарах для сустрэч з кандыдатамі і правядзення пікетаў было вызначана дзесяць, а ў сельскай мясцовасці – восем памяшканняў на раён. Сёлета – два памяшканні ў раённым цэнтры і сем у сельскай мясцовасці.

Мерапрыемствы, звязаныя з прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй, у 2015 годзе ў Смаргоні можна было праводзіць у любых зручных месцах на адкрытым паветры на адлегласці не менш за 20 метраў ад будынкаў райвыканкама, суда і пракуратуры, за выключэннем тэрыторыі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, чыгуначнага вакзала і аўтавакзала. У сёлетняй жа выбарчай кампаніі для такіх мерапрыемстваў на ўвесь раён вызначана толькі адно месца – сквер на вуліцы Сініцкага ў Смаргоні.

“Абмежаванне права на мірныя сходы ў рашэнні Смаргонскага райвыканкама №549 нічым не тлумачыцца, – заўважае праваабаронца Алесь Дзергачоў. – Відавочна, што ўлады баяцца, каб сустрэчы з кандыдатамі не ператварыліся ў масавыя пратэсты”.

У паўмільённым Гомелі вызначаны толькі чатыры памяшканні, дзе могуць адбывацца сустрэчы кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераных асобаў з выбаршчыкамі, а таксама перадвыбарчыя сходы. Перадвыбарчую агітацыю тут адправілі на задворкі.