Фота https://ruposters.ru

Надзея Саўчанка, Герой Украіны, народны дэпутат Вярхоўнай Рады VIII склікання апублікавала адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі на украінскай, беларускай і рускай мовах.

Яна выступіла з ініцыятывай вызваліць палітычных вязняў у Беларусі. Звяртаючыся да беларускага прэзідэнта, яна піша: ”Гэтыя людзі ніколі не будуць згодныя з вашым меркаваннем і яны будуць не самотныя, іх падтрымаюць многія ў вашай краіне. Але пакінуць людзям прастору ў краіне на іх меркаванне трэба. Лепш мець адкрытую апазыцыю, чым пазакулуарныя інтрыгі і нож у спіне”.

Яна шчыра жадае яму мудрасці ў прыняцці рашэнняў, бо, на яе думку, на такую мудрасць ён здольны ў адрозненні ад украінскіх лідэраў, якія не змаглі прадухіліць у сваёй краіне грамадзянскую вайну.

У звароце прыводзіцца спіс з 24 прозвішчаў беларускіх вязняў.

Надзей Саўчанка акцэнтавала ўвагу Лукашэнкі, што звяртаецца да яго як палітвязень у Расіі і ва Украіне: “Мне давялося двойчы прайсці гэты шлях”.

Яна з чэрвеня 2014 года па май 2016-га знаходзілася за кратамі ў Расійскай Федэрацыі нібыта за яе дзеянні пад час канфлікта на ўсходзе Украіны, пры якіх пацярпелі грамадзяне Расіі і мірныя жыхары. Абвінавачванні яна не прызнала.

22 сакавіка 2018 года Саўчанка была арыштавана Службай бяспекі Ўкраіны. Сярод абвінавачванняў – падрыхтоўка дзяржаўнага перавароту. Вызвалена 16 красавіка 2019 года.