Цэнтральны пляж у Гомелі

3 ліпеня ў Гомелі, калі святкаваўся афіцыйны Дзень Незалежнасці (Дзень Рэспублікі), мясцовая міліцыя гвалтам затрымала дзвюх актывістак: фельчарку Алену Давыдаву і настаўніцу-псіхолага Святлану Нарскіну.

Відэа затрымання Давыдавай патрапіла ў сацыяльныя сеткі. Двое міліцыянтаў ў святочных белых кашулях, адзін у паўсядзённай форме і двое ў цывільным адзенні гвалтам цягнулі Алену ў міліцэйскую машыну. Чуваць быў жаночы крык: «Фашысты!»

За жанчынай сачылі «ціхушнікі», як толькі яна выйшла з дома. Выглядае, яны і выклікалі міліцэйскую машыну з бартавым нумарам 4447.

Каля пад’езда свайго дома затрымалі і Святлану Нарскіну.

«Трымаюць мяне ў 1-м аддзяленні Цэнтральнага РАУС ужо пятую гадзіну, а за што не кажуць. Пішу зараз скаргу«, – паведаміла Святлана па тэлефоне журналісту «Народнай Волі».

Па ўсяму відаць, гомельскія міліцыянты спалохаліся анансаванай у сацыяльных сетках чарговай «акцыі салідарнасці», якую маладыя гамельчане збіраліся правесці на цэнтральным пляжы. Хацелі проста адпачыць, заняцца пляжным валейболам, бадментонам, паесці разам марозіва. Але патрапілі пад святочны хапун.

У горадзе вядома, што фельчарка «хуткай дапамогі» Алена Давыдава ўдзельнічала ў экалагічных акцыях супраць шкодных выкідаў завода «Гомельшпалеры», спрабавала зарэгістравацца на прэзідэнцкіх выбарах «кандыдатам пратэсту» ад каманды Мікалая Статкевіча.

Святлану Нарскіну за ўдзел у акцыях салідарнасці ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага двойчы каралі адміністрацыйнымі штрафамі.