Гомель, шпіль фабрыкі "8 Сакавіка".

Рашэнне Гомельскага гарвыканкама №649 ад 30 чэрвеня пра вызначэнне ў горадзе месцаў дзеля ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі выклікала нямала здзіўленняў.

Паводле яго, у паўмільённым Гомелі вызначаны толькі чатыры памяшканні, дзе могуць адбывацца сустрэчы кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераных асобаў з выбаршчыкамі, а таксама перадвыбарчыя сходы. Гэта актавыя залы «Цэнтра інклюзіўнай культуры», сярэдніх школ №№ 4, 22, 72 – па адным памяшканні на адміністрацыйны раён. І памяшканні гэтыя, як заўважаюць гараджане, далёкія ад галоўных шляхоў і магістраляў. Засталіся не задзейнічанымі вялікія залы гарадскога цэнтра культуры, грамадска-культурнага цэнтра, ДК чыгуначнікаў, ДК «Гомсельмаша», не кажучы ўжо пра розныя іншыя ўстановы культуры, дзе ў папярэднія гады ладзіліся і сустрэчы, і сходы.

Агітацыйныя пікеты і мітынгі ўлады наогул дазволілі толькі ў трох месцах – каля «Цэнтра інклюзіўнай культуры», перад спартовым комплексам «Лакаматыў» і на асфальтаванай пляцоўцы каля зоны адпачынку «Сажалкі» ў Навабеліцкім раёне, дзе звычайна праходзяць кірмашы па продажу гародніны. У Цэнтральным раёне пляцоўка для пікетаў і мітынгаў наагул не вызначана.

Вядомы ў горадзе грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў адзначае, што «гэтым разам улады  вырашылі паздзекавацца» – вызначылі для сустрэч з кандыдатамі ў прэзідэнты «чатыры маламесныя актавыя залы на задворках города«.

«Усё гэта, на мой погляд, зроблена дзеля таго, каб і ў рэгіёнах збіць хвалю актыўнасці людзей, якая выявілася падчас збору подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Двух пасадзілі разам з паплечнікамі, трэцяга адсеялі на этапе збору подпісаў. Застаюцца толькі спойлеры самага годнага і адзінага. Такі мэсэдж шлюць улады грамадству на чарговым вітку выбарчай кампаніі«, – лічыць Васіль Палякоў.