Пятуніі на вуліцы Савецкай

Вуліцу Савецкую ў Гомелі, дзе нядаўна ладзіўся «ланцуг салідарнасці» і адбываўся жудасны хапун яго ўдзельнікаў, гарадскія ўлады вырашылі прыхарошыць.

Выглядае, адмыслова да прэзідэнцкіх выбараў. Выставілі вялікія вертыкальныя стойкі з рознакаляровымі пятуніямі. Вазілі іх МАЗамі і ставілі ўздоўж ходнікаў самаходным пад’ёмнікам.

Гомель: кветачкі да выбараў?

Гомель: кветачкі да выбараў?
Без тэхнікі пятуніі ні падняць, ні перавезці

У свой час у цэнтры горада камунальнікі выразалі ліпы ды каштаны, а на іх месцы пасадзілі кволыя рабініі. Калі рабініі тыя пасохлі, паўсталі ў квадратных формах невялікія туі. Цяпер на вуліцы Савецкай у цэнтры, па сутнасці, ні таго, ні іншага. Паралельная транспартная вуліца Кірава таксама апусцела. Нібы горад знаходзіцца па-за палярным кругам, дзе, апроч лішайніка, нічога не расце.

Усталяваныя зараз кветкавыя стойкі крыху аздобілі і разнастаілі эстэр’ерны выгляд вуліцы, але выклікалі нямала пытанняў у гамяльчан. Пятуніі – самі па сабе прыгожыя кветкі, імі аздабляюць балконы, тэрасы, садовыя вазы. Але яны – адналетнія. Нармальныя гарады выкарыстоўваюць для азелянення мнагалетнікі. Гэта азначае, што падобныя сёлетнім кветкавыя кампазіцыі з пятуній вымагаюць штогадовага фінансавання з гарадскога бюджэта.

Вядомая ў горадзе грамадская ініцыятыва «Флагшток» прааналізавала планы закупак Гомельскага гарвыканкама на 2020 год і знайшла там выдаткі на «афармленне і ўтрыманне кветнікаў з прымяненнем кантэйнернага азелянення цэнтральнай часткі Гомеля». Паводле плана, сёлета на закуп 86 тысяч кветак для азелянення цэнтра горада вырашана выдаткаваць 214,3 тысячы рублёў.

Дарэчы, кампазіцыямі з пятуній на металічных стойках улады адгарадзілі і будаўнічую пляцоўку на плошчы Леніна, дзе збіраліся будаваць 60-метровы флагшток з заменай пліткі і трубаў за паўтара мільёны рублёў, але адмовіліся пад націскам нераўнадушных гараджанаў.