Фота з адкрытых крыніц

У 81-гадовай пенсіянеркі з Гомеля здарылася няшчасце: дачка патрапіла за краты. Займалася бізнесам, але той з нейкіх прычынаў перыядычна прыходзіў у заняпад. Аператыўнікі, паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама, схільны лічыць, што віной таму маглі стаць «шэрыя» схемы.

Абароцістая жанчына вырашыла паправіць свае фінансавыя справы праз продаж гаджэтаў. Угаварыла сваю добрую знаёмую аформіць на сябе пакупку тэлефонаў у крэдыт. Тая пагадзілася. Тэлефоны бізнес-вумэн атрымала і нават прадала, а вось абяцанне плаціць па крэдытных рахунках не выконвала. І патрапіла пад крымінальны артыкул аб махлярстве. Жанчыну яшчэ ў перыяд следства адправілі за краты ў СІЗА.

Матуля арыштаванай, канешне, трывожылася, месца сабе не знаходзіла. Тут і напрасіўся ў памагатыя 41-гадовы знаёмы дачкі. Абяцаў добрага адваката наняць і паспрыяць, каб з дачкі пенсіянеркі наагул знялі крымінальнае абвінавачванне.

Насамрэч «жаласлівы» гамяльчанін нічога і не збіраўся рабіць – наўпрост выманьваў грошы. Сумы на нібыта ўлагоджванне справы вагаліся ад 100 да 1000 рублёў. Агулам ён атрымаў ад пенсіянеркі звыш 10 тысяч рублёў і спусціў іх на розныя забавы.

Падман выкрыўся пасля таго, як дачку пенсіянеркі суд пакараў за махлярства пазбаўленнем волі. Пра гэта яна паведаміла маці. Пісала таксама, што падчас следства «добры адвакат» ад знаёмага ні разу да яе не прыходзіў.

81-гадовая персіянерка звярнулася ў міліцыю, бо стала ахвярай падману. Следчыя распачалі супраць мужчыны крымінальную справу за махлярства ў буйным памеры. Раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за няўплату аліментаў. Цяпер «жаласліваму» гамяльчаніну пагражае да трох гадоў турэмнага зняволення.