Лідзія Ярмошына і Віктар Бабарыка. Фото з адкрытых крыніц

Выбарчыя камісіі пакінулі Віктару Бабарыку толькі 165744 подпісаў з 365 тысяч пададзеных. Як адбываецца гэта фільтрацыя і чым пагражае прэтэндэнту? Аб гэтым піша NN.BY.

Патлумачым на прыкладзе Фрунзенскага раёна Мінска. Тут было пададзена 47426 подпісаў у падтрымку Бабарыкі.

Камісія павінна праверыць не менш за 20% з іх (9485 подпісаў). Колькі ўсё ж такі браць на праверку і якія менавіта аркушы, вырашае сама камісія.

Калі аказалася, што больш за 15% правераных подпісаў несапраўдныя, то бяруцца для праверкі яшчэ 15% (7 114 подпісаў).

Такім чынам, у Фрунзенскім раёне праверылі мінімум 16 599 подпісаў (20%+15%). І нібыта выявілася, што не менш за 2490 подпісаў з іх — несапраўдныя.

У такой сітуацыі на Бабарыку не залічваюць усе 47426 подпісаў Фрунзенскага раёна. З іх несапраўднымі лічацца толькі тыя 2490, згаданыя раней, а астатнія проста знікаюць у нікуды.

Калі «несапраўдных» подпісаў замнога, прэтэндэнта ў прэзідэнты павінны зняць з гонкі. У артыкуле 68-1 Выбарчага кодэкса пазначана, што гэта адбываецца ў выпадку, калі ў агульным па краіне ў кандыдата знайшлі 15% несапраўдных подпісаў ад агульнай колькасці правераных подпісаў.

Ці могуць Віктару Бабарыку адмовіць у рэгістрацыі на падставе гэтага пункта? «Наша Ніва» спытала ў кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

«У Бабарыкі не дацягвае да 15%, як сказалі мне нашы супрацоўнікі. У яго доля несапраўдных подпісаў — 13%», — патлумачыла Ярмошына.

Калі б камісіі налічылі Бабарыку яшчэ 2% несапраўдных подпісаў, то яму б забаранілі ўдзельнічаць у выбарах.