Суддзя Ленінскага суда Гродна Юры Казакевіч пры вынясенні рашэння ўзяў да ўвагі паказанні сведкаў – амапаўцаў, аргументы Ціханоўскага і яго адваката палічыў непераканаўчымі.

Суд над Сяргеем Ціханоўскім у Гродне адбываўся праз інтэрнэт, паколькі ён  знаходзіцца пад вартай у Мінску па крымінальнай справе і абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў іх.

Працэс у Гродне 1 ліпеня адбыўся па адміністрацыйнай справе, якая наўпрост звязана з той крымінальнай. Гэта тычыцца падзей 29-га мая, калі ў горадзе над Нёманам праходзіў пікет па збору подпісаў за патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую.

Супраць Ціханоўскага сведчылі двое амапаўцаў: Дзмітрый  Рахунак і Віктар Буднік. Абодва давалі адны і тыя паказанні. Маўляў, пасля таго, як на плошчы ўпаў супрацоўнік міліцыі, нейкая колькасць людзей разам з Ціханоўскім пачала рухацца ў накірунку касцёла. Яны прапанавалі Ціханоўскаму праехаць у РАУС для разбіральніцтва, але ён нібыта ўхапіўся за аўтобус і гэтым самым аказваў супраціў міліцыянерам. Урэшце яго сілай зацягнулі ў аўтобус.

У паказаннях сведкаў здзівіла тое, што ні адзін з іх дакладна нават не памятаў у які дзень адбылося затрыманне. Патлумачыць адвакату – чаму менавіта Ціханоўскага вырашылі затрымаць, таксама ўцямна не маглі. Рахунак прызнаўся, што ў яго працаваў відэарэгістратар, але патлумачыць, чаму на ім не захаваліся запісы, таксама суду не мог.

Ціханоўскі ў сваю чаргу патлумачыў суду, што яго пачалі судзіць, але ў міліцыі нават не азнаёмілі з пратаколам затрымання.

Не маглі адказаць на пытанне Ціханоўскагачаму амапаўцы прымянялі сілу і здзіралі з яго маску. Ніхто не мог патлумачыць адвакату Андрэю Шчэпяткову, чаму тры розныя дакументы ў справе пад рознымі датамі напісаныя слова ў слова як завучаны вершык.

Адзін з галоўных доказаў – аператыўная відэастужка таксама не была прадстаўлена суду. З РАУС прыйшоў знаёмы адказ – не захавалася.

Ціханоўскі даводзіў, што адразу пасля яго затрымання было груба парушана заканадаўства: “Ніхто не апытваў, не дапускалі адваката, амапаўцы не ведалі, чаму менавіта яго затрымалі, гвалт быў зусім неабгрунтаваны, і хоць не супраціўляўся –  круцілі рукі, пасля чаго яны пасінелі”.

Адвакат Шчэпяткоў звяртаў увагу на парушэнне працэсуальнага заканадаўства, што орган, які пачаў працэс зусім не даказаў віну. Абвінавачванне базуецца толькі на сведчаннях зацікаўленага боку. Доказаў віны Ціханоўскага няма і ён просіць суд спыніць справу з-за поўнай недаказанасці віны Сяргея Ціханоўскага.

Пасля перапынку суддзя Юрый Казакевіч зачытвае рашэнне: 15 сутак арышту паводле артыкула 23.4 КаАП за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі падчас выконвання імі службовых абавязкаў.

Ціханоўскі голасна паўтарае некалі разоў: “Ганьба!”, людзі ў зале паўтараюць тое самае. Суддзя Казакевіч у адказ пасмяхаецца.

Ціханоўскага ў Гродне асудзілі на 15 сутак

Ціханоўскага ў Гродне асудзілі на 15 сутак
Падчас судовага працэсу ў Гродне над Сяргеем Ціханоўскім