Бацькі Дзмітрыя Фурманава вітаюцца з сынам у залі суда праз манітор камп’ютара

Члена ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Дзмітрыя Фурманава абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.

Суд адбываўся праз інтэрнэт, паколькі Фурманаў знаходзіцца ў ізалятары ў Мінску. Ён быў затрыманы на пікеце па зборы подпісаў 29 мая разам з вядомым блогерам і кіраўніком ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Сяргеем Ціханоўскім і яму прад’явілі абвінавачанне паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Фурманаў распавёў суду, што 29 мая сядзеў за сталом і збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Раптоўна да яго падскочылі невядомыя ў масках, схапілі і павалаклі ў аўтобус. Ён пачаў моцна крычаць і адзін з амапаўцаў ударыў яго ў твар. Паводле Фурманава, на некаторы час ён нават страціў прытомнасць.

Сведкі Андрэй Пацуй і Міхаіл Хацук блыталіся ў паказаннях. Да прыкладу, Пацуй на пытанні адваката найчасцей адказваў – “не памятаю”. Хацук у сваю чаргу патлумачыў, што Фурманаў не падпарадкоўваўся іх загаду прайсці ў аўтобус, хапаўся за вопратку. Але ў той самы час напачатку Хацук казаў, што не складаў рапарт, потым выявілася, што ўсё ж складаў.

Пасля сведкам выступіў бацька Дзмітрыя Фурманава – Аляксандр Фурманаў, ваенны пенсіянер, які звяртаўся да прэзідэнта з нагоды затрымання яго сына. Ён у той вечар прысутнічаў на плошчы і бачыў, як усё адбывалася. Дзмітрый, паводле яго, сядзеў за сталом на адлегласці 25–30 метраў ад міліцыянера, які ўпаў, і такім чынам ніяк не мог быць датычным да той штурханіны, якая адбывалася на плошчы.

Выслухаўшы бакі, суддзя Юрый Казакевіч вынес рашэнне – 10 сутак арышту за супраціў міліцыянерам падчас выканання імі службовых абавязкаў. Артыкул 23.4 Кодэкса аб адмінстрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь.