Цэнтральная раённая камісія ў Гомелі, якую ачольвае намесніца кіраўніка мясцовай адміністрацыі Вольга Дацэнка,  забракавала ўсе здадзеныя подпісы за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.

Ініцыятыўная група Бабарыкі падала ў камісію 3609 подпісаў, якія падлягалі праверцы. Чальцы камісіі ў два прыёмы праверылі 1299 подпісаў, з іх прызналі несапраўднымі 210, альбо 16,2 адсотка. За гэта камісія прыняла рашэнне не залічваць Віктару Бабарыку ўсе здадзеныя 3609 подпісаў.

На пасяджэнні прысутнічаў назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», актывіст Беларускага Хельсінскага камітэта Віктар Адзіночанка.

«Я звярнуў увагу, што ніхто з чальцоў камісіі не пацікавіўся і не патлумачыў, якія хібы знойдзены ў падпісных лістах. Затое ўсе дружна прагаласавалі, каб не залічваць подпісы Віктару Бабарыку. Сам я раней падаваў заяву дапусціць мяне да працэдуры праверкі подпісаў, аднак камісія  адмовіла. Назіральніца ад БРСМ, якая прысутнічала на пасяджэнні, увогуле не выяўляла ніякай цікаўнасці да таго, што адбываецца ў залі: занурылася ў свой смартфон«, – паведаміў журналісту «Народнай Волі» назіральнік Адзіночанка.

Паводле назіральніка, у Цэнтральную раённую камісію за Андрэя Дзмітрыева пададзена 1135 подпісаў, Ганну Канапацкую – 250, Аляксандра Лукашэнку – 18759, Святлану Ціханоўскую – 1261,  Валерыя Цапкалу – 1895, Сяргея Чэрачня – 1239 подпісаў. Прэтэнзій да подпісаў за Дзмітрыева і Ціханоўскую ў камісіі не было. Звыш 12 адсоткаў подпісаў з правераных прызнаны несапраўднымі за Канапацкую, але гэта не перавысіла дапушчальны ўзровень, пасля якога подпісы бракуюцца. У астатніх прэтэндэнтаў невысокі адсотак неякасных подпісаў сярод правераных – ад 0,8 да 3,9.

Трэба дадаць, што 29 чэрвеня і камісія Савецкага раёна Гомеля прызнала несапраўднымі ўсе 4870 подпісаў за Віктара Бабарыку, а таксама 1956 подпісаў – за Валерыя Цапкалу.