Квiток на беларускай мове

Паступова на беларускамоўныя квіткі пераходзіць уся Магілёўская, а таксама Гомельская і Брэсцкая вобласці.

У Магілёве з'явiлiся беларускамоўныя квіткі на аўтобус (фотафакт)

Каб гэта адбылося, прадстаўніца ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна Нагорная накіравала адпаведныя звароты.

«Я пісала зварот, Магілёўскі аблвыканкам адразу адказваў, што па ўсёй вобласці будуць з 1 чэрвеня пераходзіць на беларускамоўныя. Пасля я яшчэ раз удакладняла, сказалі, што пераносіцца ў сувязі з тым, што менш людзей зараз карыстаюцца транспартам і рускамоўны запас квіткоў адпаведна скончыцца пазней. І вось 25 чэрвеня з’явіліся ў Магілёве. Таксама яшчэ раней былі станоўчыя адказы па Брэсцкай і Гомельскай вобласці. Ведаю, напрыклад, што ў Гомелі і ў Баранавічах ужо замянілі на беларускамоўныя» — распавяла Алiна.

Зараз «Умовы для мовы» сумесна з Асамблеяй НДА праводзіць кампанію «Беларускім месцам — квіткі па-беларуску». Аліна Нагорная кажа пра кампанію:

«Квіткі – гэта тое, што бачыць кожны чалавек у Беларусі. Мы набываем квіток для паездкі на грамадскім транспарце, набываем квіткі ў кіно, у тэатр, на выставу, у музей. Па квітках мы трапляем на футбольныя матчы, на канцэрты і фестывалі. Кожны чалавек можа даслаць зварот, каб у канкрэтным месца з’явіліся беларускамоўныя квіткі. Гэта зойме хвілін 5, а вакол нас будзе больш беларускамоўных квіткоў. Бонусам кожны, хто далучыцца атрымае стыкерпак і магніцік».

У Магілёве з'явiлiся беларускамоўныя квіткі на аўтобус (фотафакт)

Таксама засталося яшчэ некалькі дзён, каб падпісаць петыцыю за беларускамоўныя квіткі ў цягніках.