Віталія Навумік у зале суда глядзіць праз інтэрнет на свайго мужа

У Гродне па адміністрацыйных пратаколах на 10 сутак арышту асуджаны яшчэ адзін фігурант “справы Ціханоўскага” – Уладзімір Навумік. Зараз ён знаходзіцца пад арыштам у Мінску, суд адбываўся праз інтэрнэт.

На Навуміка ў Гродне склалі два адміністрацыйныя пратаколы: за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі. Усё паўтарылася , як учора на судзе з Сяргеем Баброўскім.

Два міліцыянеры сведчылі, што Навумік нібыта лаяўся нецэнзурна, чапляўся да людзей, перашкаджаў праехаць аўтатранспарту, а потым, калі яго сталі затрымліваць міліцыянеры, не падпарадкоўваўся, вырываўся, спрабаваў уцячы.

У сваё апраўданне Навумік патлумачыў, што прыйшоў на плошчу паставіць подпіс за Святлану Ціханоўскую. Калі пачалася заваруха, адыйшоў воддаль і здымаў падзеі на тэлефон.

Ззаду да яго падыйшоў чалавек у цывільным з маскай на твары, не прадставіўся, заламаў яму руку і пацягнуў у аўтобус. Там чалавек у цывільным паклаў яго на падлогу і націснуў яму каленам на галаву. Калі Навумік спрабаваў высветліць, навошта ён гэта робіць – той адказаў: “Бо ты здымаеш”.

Суддзя прыняла да ведама паказанні міліцыянераў і на гэтай падставе вынесла рашэнне: 10 сутак арышту агулам па двух артыкулах адміністрацыйнага кодэксу.