Святлана Нарскіна ў зале суда

Суддзя Чыгуначнага раёна Гомеля Яўген Шаршнёў 29 чэрвеня аштрафаваў 43-гадовую гамяльчанку Святлану Нарскіну на 20 базавых велічынь, альбо на 540 рублёў. Яна прызнана вінаватай у парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў.

Падвечар 14 чэрвеня, калі яшчэ збіралі подпісы на вылучэнне кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, Святлана напампавала з інтэрнэту рознай інфармацыі пра палітычную сітуацыю ў Беларусі. Надрукавала некалькі «шпаргалак» і «пайшла ў народ».

На плошчы Перамогі побач з абласной бібліятэкай, дзе ёсць фантан, лаўкі і дзе збіраюцца  гараджане на адпачынак, Нарскіна вяла размовы на тэмы: выбары, эканоміка, нязменнасць улады, магчымасці маладога чалавека рэалізаваць сябе ў краіне.

«Каб было прасцей загаварыць з людзьмі, я і падрыхтавала «інфармацыйную шпаргалку». Некаторым прапаноўвала пачытаць, і людзі адразу пачыналі абмяркоўваць. У каго не было часу, той браў «шпаргалку» з сабой. Рабіла гэта я дзеля прабуджэння цікавасці ў людзей да грамадскіх падзей у краіне, фармавання ў нашым грамадстве актыўнай грамадзянскай пазіцыі«, – тлумачыла ў судзе Святлана Нарскіна.

Яна назвала чатырох сваіх знаёмых, якія былі на плошчы 14 чэрвеня, гутарылі з ёю і нават патрапілі разам на міліцэйскія здымкі. Прасіла апытаць іх у якасці сведкаў. Яны прыйшлі ў суд і чакалі пад дзвярыма выкліку на пасяджэнне. Аднак суддзя Шаршнёў адхіліў гэтае хадайніцтва.

Не палічыў патрэбным суддзя дапытаць у якасці сведкі і капітана міліцыі Дзмітрыя Шуляка, які складаў адміністрацыйны пратакол і напісаў ў ім, што Нарскіна «шляхам раздачы улётак публічна заклікала грамадзян на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы з парушэннем парадку іх правядзення«.

Нарскіна: «Няхай бы Шуляк патлумачыў, на якое масавае мерапрыемства я заклікала? Дзе яно будзе? У які час? У маёй «шпаргалцы» напісана: «Прыходзь на мірныя сустрэчы! Разам вырашым, як будаваць нашу будучыню». Я запрашала людзей не на масавыя мерапрыемствы, а на асабістыя сустрэчы для знаёмства і абмеркавання шырокага кола пытанняў у фармаце «Клуба знаёмстваў».

Абвінавачаная жанчына спасылалася на беларускую Канстутуцыю, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваны Беларуссю, – імі гарантуецца кожнаму свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Нарскіна дадала, што мае вышэйшую адукацыю, вучылася ва ўніверсітэце на настаўніцу беларускай мовы і літаратуры і псіхолага. Цяпер даглядае інваліда, атрымлівае за гэта 230 рублёў. Ёй цікавыя разважанні звычайных людзей, якія паўстаюць штодня перад чалавекам, цікавыя разважанні тых, хто не «выходзіць на плошчу», каго не чуваць праз сродкі масавай інфармацыі.

«Сама я супраць масавых мерапрыемстваў, – тлумачыла Нарскіна, – бо яны прыцягнуць у нашу краіну «рускі мір».

Суддзя: «Мэта вашых сустрэч з людзьмі?»

Нарскіна: «Хацела даведацца іх меркаванне па розных праблемах.«

Суддзя: «Якія пытанні вы задавалі людзям?»

Нарскіна: «У мяне сын прызыўнога ўзросту. Мяне хвалюе, што яго забяруць у войска. Закон у нас дае толькі адну адтэрміноўку. Хвалюе, што ідзе дэбілізацыя моладзі. Мне цікава, што пра гэта думаюць людзі. Мяне цікавяць выбары. Засмучае, што ў людзей часам апатычная пазіцыя, яны застаюцца абыякавымі. Я размаўляла з людзьмі на тыя тэмы, якія цікавыя ім, а не мне».

Урэшце суддзя  запытаўся ў Святланы, ці звярталася яна афіцыйна па дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства? Зал адрэагаваў на пытанне гучным смехам, а Святлана нават крыху разгубілася: «Божа мой! Я не ведала, што дзеля абуджэння цікавасці ў людзей трэба прыбягаць да нейкіх партызанскіх метадаў! Я люблю сваю Радзіму, і мне не ўсе роўна, якія працэсы тут у нас адбываюцца«.

Суддзя Шаршнёў абвесціў перапынак, сышоў у дарадчы пакой, а праз сем хвілінаў вярнуўся і зачытаў пастанову на адміністрацыйны штраф Святлане Нарскінай. Прысутныя ў зале закрычалі: «Ганьба».